27 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Найвялікшая духоўная праваслаўная святыня Беларусі - Крыж Ефрасінні Полацкай - сёння толькі на адзін дзень будзе прадстаўлены жыхарам і гасцям Мінска. Рэліквію прывезлі спецыяльна для выставачнага праекта "Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі", які пачынае работу ў Нацыянальным мастацкім музеі, паведамілі БЕЛТА ў музеі.
Крыж у суправаджэнні манашак Спаса-Ефрасіннеўскага жаночага манастыра прыбыў у сталіцу 26 сакавіка. Доступ да яго ўсім жадаючым адкрыюць па благаславенні Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Паўла. Убачыць рэліквію можна будзе з 11.00 да 21.00. Увесь гэты час Крыж будзе знаходзіцца пад наглядам манашак.
Крыж прападобнай Ефрасінні, ігуменні Полацкай быў у Мінску ў 2010 годзе ў час урачыстасцей у Свята-Духавым кафедральным саборы ў гонар 75-годдзя з дня нараджэння Высокапраасвяшчэннага Філарэта, Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.
Напрастольны Крыж створаны згодна з заказам прападобнай Ефрасінні Полацкай для Спаскага манастыра ў Полацку майстрам Лазарам Богшам у 1161 годзе. У яго былі ўкладзены найвялікшыя святыні - часцінка Дрэва Крыжа Гасподняга з кропляй Крыві Збавіцеля, часцінкі камянёў Гроба Гасподняга і пахавальні Божай Маці, часцінкі мошчаў першапакутніка архідыякана Сцяфана, велікамучаніка і лекара Панцеляймона і кроплі крыві велікамучаніка Дзмітрыя Салунскага.
Аснова Крыжа, вырабленая з кіпарысавага дрэва і абкладзеная залатымі і сярэбранымі пласцінамі, была ўпрыгожана каштоўнымі камянямі і жэмчугам. На адным баку ў тэхніцы перагародчатай эмалі былі ўстаўлены іконкі Ісуса Хрыста, Прасвятой Багародзіцы, Іаана Прадцечы, архангелаў Міхаіла і Гаўрыіла, чатырох евангелістаў, нябесных заступнікаў заказчыцы і яе бацькоў. У ніжняй частцы Крыжа была нанесена аўтарская прыпіска, на бакавых тарцах - укладны надпіс прападобнай Ефрасінні з датай 6669 (ад стварэння свету).
Лёс старажытнай хрысціянскай святыні незвычайны. З 1579 года Крыж захоўваўся ў Сафійскім саборы Полацка. Яго шанавалі і праваслаўныя, і ўніяты. У 1921-м савецкія ўлады канфіскавалі ўсе царкоўныя каштоўнасці, і ў 1929-м рэліквія разам з іншымі музейнымі прадметамі была перавезена ў Магілёўскі музей у пакой-сейф. Далейшы лёс Крыжа невядомы. Ён загадкава знік у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны. Да гэтага часу ніякіх дакладных звестак аб ім няма.
У 1992 годзе ў ходзе святкавання 1000-годдзя Полацкай епархіі было вырашана ўзнавіць агульнаправаслаўную святыню. Работа была даручана брэсцкаму мастаку-ювеліру Мікалаю Кузьмічу, які асвоіў складаную тэхніку перагародчатай эмалі. Работа прадаўжалася 5 гадоў, пры гэтым выкарыстоўваліся такія ж матэрыялы, тэхніка і ўпрыгажэнні, што і некалі Лазарам Богшам. Уладыка Філарэт даставіў з Іерусаліма часцінкі тых жа хрысціянскіх рэліквій. У жніўні 1997 года ўзноўлены Крыж быў асвячоны мітрапалітам Філарэтам у Свята-Сімяонаўскім саборы Брэста і напярэдадні свята Узвіжання Крыжа Гасподняга ўнесены ў Спаса-Праабражэнскі храм Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра.
Выстаўка "Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі" арганізавана ААТ "Белгазпрамбанк" сумесна з ААТ "Газпрам трансгаз Беларусь", Міністэрствам культуры, Нацыянальным мастацкім музеем і будзе праходзіць па 10 ліпеня.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|