26 жніўня, Гомель /Валерый Сідорчык - БЕЛТА/. Гомельскі палац Румянцавых-Паскевічаў увасобяць у шакаладзе. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла загадчык аддзела па зборы музейных матэрыялаў і экспазіцыйнай дзейнасці музея дзяржаўнай гісторыка-культурнай установы "Гомельскі палацава-паркавы ансамбль" Ганна Кузьміч.
Шакаладную копію будынкаў жамчужыны культурнай і гістарычнай спадчыны паўднёва-ўсходняй часткі нашай краіны створыць да канца верасня ўкраінскі кандытар Мікалай Папоў, выстаўка работ якога "Музей шакаладу Nicolya" будзе дэманстравацца ў музеі палаца з 28 жніўня па 26 кастрычніка 2014 года. "Дамоўленасць аб вырабе копіі палаца з шакаладу ёсць. Адкрытым пакуль застаецца пытанне далейшага лёсу гэтай работы - або яна застанецца ў Гомелі, або будзе часткай экспазіцыі майстра з Украіны", - адзначыла Ганна Кузьміч.
Калекцыю, улічваючы асаблівасці матэрыялу, з якога яна выканана, гамяльчане змогуць убачыць у памяшканні з асаблівымі кліматычнымі параметрамі. "Мы будзем падтрымліваць тэмпературу не вышэйшую за 20 градусаў, каб шакалад, як кажуць, не паплыў", - падкрэсліла Ганна Кузьміч.
Сакрэты майстэрства Мікалай Папоў, або Nicolya, спасцігаў у акадэміях шакаладу ў Польшчы і Францыі. Прызнаны майстар гатовы падзяліцца імі з усімі жадаючымі. Плануецца правядзенне майстар-класаў па рабоце з шакаладам і марцыпанам, па вырабе цукерак ручной работы.
Прадстаўленыя ў экспазіцыі работы не пакінуць абыякавым не толькі ласуноў. Карціны, напісаныя шакаладам па шакаладзе, абрамленыя ў шакаладныя багеты, скульптуры, двухметровая Эйфелева вежа з шакаладу, помнікі мастацтва Беларусі, зброі, маскі, прадметы быту - гэта толькі няпоўны пералік таго, што змогуць убачыць наведвальнікі выстаўкі.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|