Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

5 Чэр 2018

Больш за 110 тыс. гасцей і ўдзельнікаў чакаюць на свята "Купалле" ў Александрыі

5 чэрвеня, Магілёў /Сяргей Кулягін - БЕЛТА/. Больш як 110 тыс. гасцей і ўдзельнікаў чакаюць на рэспубліканскім свяце "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў"), якое пройдзе 7-8 ліпеня на беразе Дняпра ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі, прысвечанай арганізацыі і правядзенню адной з галоўных культурных падзей гэтага лета, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У час свята чакаецца мноства культурных і забаўляльных мерапрыемстваў з удзелам айчынных і замежных музыкантаў, артыстаў і творчых калектываў. У ліку краін-удзельніц Беларусь, Расія, Украіна, Эстонія, Літва, Латвія, Польшча і Германія. "Прычым сярод замежных гасцей - артысты і народныя майстры - будуць прадстаўлены і беларускія грамадска-культурныя аб'яднанні замежжа", - адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама.

Паводле яго слоў, тэма Года малой радзімы стане загалоўнай на свяце і менавіта яна пакладзена ў аснову тэатралізаванага паказу "Малая радзіма" (яго рыхтуе рэжысёрска-пастановачная група тэлеканала АНТ) на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы. У ім прымуць удзел папулярныя айчынныя і замежныя выканаўцы: Аляксандр Саладуха, Алёна Ланская, Сяргей Трафімаў (Расія), ВІА "Сіняя птушка", народны артыст Украінскай ССР Мікалай Гнацюк, народная артыстка Украіны Таісія Павалій, Вікторыя Кахана і іншыя.

Пасля завяршэння галоўнага паказу гасцей свята традыцыйна чакаюць маляўнічы феерверк і маладзёжная дыскатэка. У фармаце свята пройдзе і мноства іншых мерапрыемстваў. Рэгіёны краіны прадставяць свае фестывальныя праекты. Напрыклад, Гомельская вобласць прэзентуе міжнародны фестываль этнакультурных традыцый "Кліч Палесся", Гродзенская вобласць - фестываль традыцыйнай культуры "Скарбы Гродзеншчыны", Мінская вобласць - абласное свята "Слуцкія паясы", а 18 раёнаў Магілёўскай вобласці прадставяць свае знакавыя мерапрыемствы, у ліку якіх фестываль народнай творчасці, промыслаў і рамёстваў "Дрыбінскія таржкі", этнасвята "У госці да радзімічаў" (Чавускі раён), фестываль "Гаспадарчы сыр" (Слаўгарадскі раён).

"Гасцей чакаюць конкурс на лепшы купальскі касцюм, выстаўка-кірмаш аграэкатурызму, прэзентацыя праекта "Магілёў - маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь", фестываль фарбаў, канцэртная праграма ад музычна-спартыўнага свята "Вялікая бард-рыбалка". Словам, праграма настолькі насычаная і разнапланавая, што, спадзяюся, яна прыцягне вялікую колькасць гледачоў. Мы разлічваем, што свята "Купалле" наведаюць у гэтым годзе больш за 110 тыс. чалавек", - сказаў Андрэй Кунцэвіч.

Білеты на канцэрты, якія пройдуць на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы, паступілі ўжо ў продаж, а іх цана вырасла нязначна ў параўнанні з мінулым годам. Так, білет на мюзікл "Малая радзіма" каштуе Br27 (у мінулым годзе - Br25), а на канцэрт, які пройдзе 8 ліпеня ў рамках Дзён культуры Украіны, - Br10. Білеты можна набыць у касе Магілёўскай абласной філармоніі, а таксама праз інтэрнэт-рэсурс kvitki.by.

Першае свята "Купалле" адбылося ў 2010 годзе. Ідэю праводзіць фестываль у Александрыі тады падтрымаў кіраўнік дзяржавы. Гулянні традыцыйна пройдуць у маляўнічым месцы на беразе Дняпра, каля моста, які злучае не толькі два населеныя пункты - Александрыю і Копысь, але і дзве вобласці - Магілёўскую і Віцебскую.

Праграма свята "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў")

7 ліпеня (субота)

14.00-24.00 Работа гандлёвых радоў, летніх кафэ, сельскагаспадарчай выставы племянной жывёлагадоўлі, канцэртных праграм, тэматычных пляцовак:

"Прадмесце прысмакаў" – дэманстрацыя і рэалізацыя страў нацыянальнай кухні краін-удзельніц;

"Александрыйская гасцёўня" – гандлёвыя рады, летнія кафэ;

"Друкарскі двор" – выстава-продаж літаратуры, сустрэчы з пісьменнікамі, прэзентацыі кніг і знакавых праектаў;

"Яселка з ласункамі" – гандлёвыя пункты з рэалізацыяй салодкай прадукцыі (марожанае, поп-корн, салодкая вата);

"Каравайная сяліба" – выстава-продаж хлебабулачных вырабаў, свята квасу;

"Купальскія дзівосы" – святочны кірмаш з работай экспазіцыйна-тэматычных вуліц: "Беларускіх звычаяў і забаў", "Міжнародная", "Александрыйскі гасцінец";

"Маладзёжная пляцоўка" – рэалізацыя творчых моладзевых праектаў, у тым ліку абласнога этапу рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта "Уладар сяла", музычна-спартыўнага свята "Вялікая бард-рыбалка" (па асобнай праграме);

"Дзяннік" – выстава жывёл і рыб;

Паказальныя выступленні спартсменаў Цэнтра алімпійскага рэзерву па конным спорце і сучасным пяцібор’і (берагавая лінія р. Днепр)

11.00-21.00 Музейная выстава і музейная экспазіцыя ў ДУА "Александрыйская сярэдняя школа Шклоўскага раёна", прысвечаная школьным гадам кіраўніка дзяржавы (краязнаўчы музей, школа)

Малая канцэртная пляцоўка

14.00-15.30 Канцэрт творчых калектываў Рэспублікі Беларусь і гасцей свята "Купальская музычная скарбонка"
 
15.30-15.45 Урачысты старт купальскага квэста "У пошуках папараць-кветкі"
 
15.45-16.30
Купальская конкурсна-тэматычная праграма-прэзентацыя купальскага карнавальнага і роставага касцюмаў. Узнагароджанне пераможцаў
 
16.30-17.10
Канцэртная праграма бардаўскай песні "Малая зямля – Вялікая Радзіма"
 
17.10-18.00 Дзяржаўны тэатр танца "Казакі Расіі"
 
18.00-18.30 Урачыстая цырымонія адкрыцця рэспубліканскага свята "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў")
 
18.30-20.30 Эстрадна-забаўляльная праграма "Купальскія зоркі над Александрыяй". Канцэрт калектываў і выканаўцаў Магілёўскай абласной філармоніі
 
Падчас канцэртнай праграмы – дэманстрацыйныя палёты самалётаў і парашутныя скачкі Магілёўскага аэраклуба ДТССАФ імя А. М. Кулагіна

Галоўная канцэртная пляцоўка

21.30-23.00 Гала-канцэрт "Малая радзіма" з удзелам айчынных і замежных выканаўцаў. Святочны феерверк у суправаджэнні лазернага шоу

8 ліпеня (нядзеля)

Малая канцэртная пляцоўка

00.00-03.00 Моладзевая дыскатэка з удзелам групы "Дразды", артыстаў беларускай эстрады, артыстаў Магілёўскай абласной філармоніі, вядучых ды-джэяў Беларусі

Галоўная канцэртная пляцоўка

11.00-13.30 Урачыстая цырымонія ўзнагароджання перадавікоў аграпрамысловага комплексу Магілёўскай вобласці з удзелам заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь аркестра народных інструментаў імя народнага артыста Беларусі Л. Л. Іванова і Дзяржаўнага тэатра танца "Казакі Расіі". Канцэрт Сяргея Трафімава (Расія)
 
15.00-16.30 Ансамбль танца імя Ступкі, Украіна
 
20.00-22.00 Канцэрт з удзелам зорак украінскай эстрады

Малая канцэртная пляцоўка

13.30-15.00 Канцэрт заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь аркестра народных інструментаў імя народнага артыста Беларусі Л. Л. Іванова "Купалле – свята музыкі і песні"
 
16.30-17.30 Ансамбль песні і танца "Медуніца" КК "Магілёўская абласная філармонія"
 
17.30-19.00 Музычна-танцавальная праграма "Краіна шчасця і кахання"

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі