6 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Белтэлерадыёкампанія плануе выступленні групы NAVIBAND на нацыянальных адборах на "Еўрабачанне-2017" у розных краінах, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.
Па запрашэнні арганізатараў украінскага нацыянальнага адбору, беларускія ўдзельнікі "Еўрабачання-2017" у якасці спецыяльных гасцей 4 лютага ўжо выступілі ў Кіеве на канцэрце, дзе выканалі сваю конкурсную кампазіцыю "Гісторыя майго жыцця".
І гледачы, і журы адбору, у складзе якога былі Джамала, Канстанцін Меладзэ і Андрэй Данілка, сустракалі беларускіх артыстаў вельмі цёпла. Натхнёныя такім прыёмам, Арцём Лук'яненка і Ксенія Жук выканалі перакладзены на беларускую мову куплет песні пераможцы "Еўрабачання-2016" Джамалы.
Таксама ў час знаходжання 3-5 лютага ў Кіеве NAVIBAND сустрэліся з журналістамі ўкраінскіх друкаваных і электронных СМІ, пабывалі ў тэле- і радыёэфіры.
Акрамя магчымасці выступіць на нацыянальных адборах у іншых краінах, Белтэлерадыёкампанія плануе ўдзел групы NAVIBAND ва ўсіх прома-канцэртах і традыцыйных вечарынках, што папярэднічаюць міжнароднаму конкурсу, каб кампазіцыю "Гісторыя майго жыцця" пачула як мага большая колькасць еўрапейскай публікі і замежных журналістаў, якія асвятляюць тэму "Еўрабачання".
Тым часам Белтэлерадыёкампанія рыхтуе неабходны пакет дакументаў для сустрэчы кіраўнікоў дэлегацый краін - удзельніц міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне", якая адбудзецца 13 сакавіка ў Кіеве.
Міжнародны конкурс песні "Еўрабачанне-2017" пройдзе ва ўкраінскай сталіцы з 9 па 13 мая. У форуме прымуць удзел 43 краіны.
Прамую трансляцыю двух паўфіналаў і фіналу традыцыйна будуць весці тэлеканалы Белтэлерадыёкампаніі - "Беларусь 1" і міжнародны спадарожнікавы тэлеканал "Беларусь 24".