14 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі баксёр Дзмітрый Асанаў атрымаў ліцэнзію на ўдзел у Алімпійскіх гульнях, выйграўшы ў кваліфікацыйным баі ў вагавой катэгорыі да 56 кг у індыйца Шывы Тапы на чэмпіянаце свету ў сталіцы Катара горадзе Доха, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Выхаванец маладзечанскай школы бокса на сусветным форуме стаў бронзавым прызёрам, уступіўшы ў паўфінале ірландцу Майклу Конлану, каб атрымаць пропуск на летнія Гульні 2016 года, Дзмітрыю Асанаву неабходна было перамагчы прадстаўніка Індыі, які прайграў у другім паўфінальным баі.
У вырашальным паядынку беларус больш удачна дзейнічаў на апярэджанне ў завяршальнай фазе ўдараў. У другім раўндзе Дзмітрый павялічыў тэмп, што не пакінулі без увагі рэферы, станоўча ацаніўшы намаганні баксёра. Індыйцу, для таго каб перамагчы ў вырашальным раўндзе, трэба было накаўтаваць беларуса, аднак маладзечанец па-майстэрску ўхіляўся ад моцных бакавых удараў, не дазволіўшы саперніку правесці камбінацыю, якая гарантавана адправіла б Асанава на насціл рынга. У выніку, Тапа бой прайграў -
0:3 (28:29, 28:29, 28:29).У вырашальным баі за залатыя ўзнагароды ў вагавой катэгорыі да 56 кг ірландзец Майкл Конлан атрымаў перамогу над прадстаўніком Узбекістана Мураджонам Ахмадаліевым.
Алімпійская ліцэнзія і бронзавы медаль Дзмітрыя Асанава сталі адзінымі для зборнай Беларусі на чэмпіянаце свету ў горадзе Доха.