28 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстаўка арт-аб'ектаў адкрыецца на Камсамольскім возеры ў Мінску 18 чэрвеня, паведамілі БЕЛТА арганізатары.
У Беларусі будзе рэалізаваны ўнікальны па маштабах і канцэпцыі арт-праект - на востраве акваторыі Камсамольскага возера ў Мінску ствараецца экспазіцыя з 10 шматметровых прасторавых аб'ектаў вядомых беларускіх мастакоў. У праекце ўдзельнічаюць Канстанцін Селіханаў, Канстанцін Касцючэнка, Міхаіл Шыкаў, Павел Вайніцкі, Валерый Малахаў, Вадзім Мацкевіч, Ігар Лявонцьеў, Дзяніс Барсукоў, Таццяна Гамза, Пётр Кузьміч, Віктар Асцер. Як падкрэслілі арганізатары, выстаўка стане перспектыўнай арт-пляцоўкай для рэалізацыі творчых ініцыятыў мастакоў, на ёй будуць прадстаўлены асноўныя напрамкі развіцця беларускага сучаснага мастацтва.
Наведаць "Арт-востраў", які будзе працаваць на працягу ўсяго лета, можна бясплатна. Арганізатары выстаўкі чакаюць, што за тры месяцы экспазіцыю ўбачаць не менш як мільён гледачоў. "Арт-праекты такога маштабу раней у Беларусі не ствараліся, хоць падобныя экспазіцыі шырока распаўсюджаны ў еўрапейскіх сталіцах. Гэта ў літаральным сэнсе вялікі праект, не толькі з мастацкага, але і з тэхнічнага пункту гледжання - агульная вага экспанатаў перавышае 20 т", - адзначылі яны.
"Арт-востраў" створаны Нацыянальным цэнтрам сучасных мастацтваў пры садзейнічанні Міністэрства культуры, Мінгарвыканкама і фінансавай падтрымцы Альфа-Банка.