9 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Афіцыйны прадстаўнік Беларусі на міжнародным конкурсе песні "Еўрабачанне-2018" ALEKSEEV у час анлайн-канферэнцыі на сайце Белтэлерадыёкампаніі расказаў, якім будзе яго нумар, паведамляе БЕЛТА.
ALEKSEEV адзначыў, што нумар, які будзе прадстаўлены на "Еўрабачанні", не такі, з якім спявак выступаў у фінале адбору. "Гэта вельмі асабісты нумар. Гэта работа, якая вельмі добра адлюстроўвае мой унутраны стан", - прызнаўся выканаўца.
Паводле слоў ALEKSEEV, ён задаволены тым, што атрымалася. "Мы вельмі доўга шукалі, як павінна гучаць песня. Было некалькі ідэй пастаноўкі. Цяпер гэта ўсё ў вельмі прыемным балансе. Ёсць у гэтым творчая гармонія", - расказаў спявак.
Як паведамлялася, прадстаўнік Беларусі з кампазіцыяй "Forever" выступіць на "Еўрабачанні" ў першым паўфінале пад нумарам 8. Песенны конкурс пройдзе ў Лісабоне (Партугалія) з 8 па 12 мая.