У суботні вечар, 23 ліпеня, жыхары і госці сталіцы назіралі за ўрачыстай працэсіяй: раскошная залатая карэта, запрэжаная коньмі, пад акампанемент музыкі эпохі барока, праехала па цэнтральных вуліцах Мінска – ад Вялікага тэатра Беларусі да плошчы Свабоды. Менавіта так пачаўся чарговы, трэці па ліку вечар у рамках праекта "Класіка каля Ратушы"-2016, які з 9 ліпеня кожны ўік-энд збірае ў Верхнім горадзе тысячы паклоннікаў вакальнай і інструментальнай музыкі.
Героі касцюміраванага дзейства раздавалі шарыкі прахожым, а весялун Рыгалета, які ўтульна размясціўся на запятках, іграў на дудачцы і запрашаў прахожых на канцэрт барочнай музыкі каля гарадской Ратушы. Пасажырамі арыгінальнага экіпажа была пара, якая перамагла ў конкурсе "Пацалунак на ўдачу". Акрамя рамантычнага падарожжа шчасліўчыкаў чакала фотосесія каля Вялікага тэатра Беларусі і магчымасць адкрыць суботні вечар на плошчы Свабоды.
Вечар музыкі барока адкрылі творы Баха, Гендэля, Вівальдзі, Тэлемана ў выкананні малых ансамбляў і "Камерных салістаў Мінска" пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Зубава. У жывым канцэрце прынялі ўдзел беларускія оперныя спевакі – Наталля Акініна, Юрый Гарадзецкі, Маргарыта Ляўчук, а таксама вядомыя расійскія музыканты, якія іграюць на ўнікальных майстравых інструментах: Канстанцін Якаўлеў (барочны фагот і габой), Руст Пазюмскі (віёла да гамба), Яўген Свірыдаў (барочная скрыпка).
Фота: Аксана Манчук