12 студзеня, Брэст /Святлана Вячорка - БЕЛТА/. Званне "Культурная сталіца Беларусі - 2015" афіцыйна перайшло да Брэста. Цырымонія перадачы гораду сімвалаў рэспубліканскай акцыі адбылася 12 студзеня ў акадэмічным тэатры драмы ў час урачыстага закрыцця міжнароднага фестывалю класічнай музыкі "Студзеньскія музычныя вечары", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі органаў улады і грамадскасці абласнога цэнтра, дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага ў Брэсце. Сярод ганаровых гасцей была і дэлегацыя з культурнай сталіцы 2014 года Гродна на чале са старшынёй гарвыканкама Мечыславам Гоем. З прысваеннем Брэсту статусу культурнай сталіцы Беларусі 2015 года брастаўчан павіншаваў міністр культуры Барыс Святлоў. Ён уручыў старшыні гарвыканкама Аляксандру Рагачуку адпаведны сертыфікат і сімвалічную шкляную статуэтку з выявай бусла і герба Брэста.
Брэст стаў шостай культурнай сталіцай года Беларусі. У розныя гады ганаровага тытула былі ўдастоены Полацк, Гомель, Нясвіж, Магілёў. На высокім арганізацыйным і мастацкім узроўні, паводле слоў міністра, рэспубліканская акцыя была праведзена ў Гродне. "Сімвалічна, што Брэст прыняў гэту эстафету ў год 70-годдзя Перамогі над фашызмам. Подзвіг абаронцаў Брэсцкай крэпасці залатымі літарамі ўпісаны ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны. Таму адным з галоўных мерапрыемстваў акцыі будзе святкаванне 50-годдзя прысваення крэпасці звання "крэпасць-герой", - адзначыў Барыс Святлоў.
Карыстаючыся выпадкам, міністр павіншаваў калектыў мемарыяльнага комплексу з высокай узнагародай - спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва. Ён падзякаваў супрацоўнікам мемарыяла за работу па патрыятычным выхаванні моладзі і захаванні гістарычнай памяці. Барыс Святлоў выказаў надзею на зладжаную работу ў бягучым годзе ўсіх арганізацый культуры горада і вобласці, а таксама крэатыўныя маладзёжныя культурныя ініцыятывы, улічваючы, што 2015-ы аб'яўлены Годам моладзі. "Упэўнены, што асноўныя задачы акцыі: актывізацыя творчай ініцыятывы і мастацкага жыцця, прэзентацыя культурнай самабытнасці і павышэнне турыстычнай прывабнасці рэгіёна - будуць паспяхова выкананы", - падвёў вынік міністр.
Мэр Брэста ў сваю чаргу адзначыў, што дзякуючы цудоўнай ініцыятыве Міністэрства культуры ў кожнага горада Беларусі ёсць шанц хаця б на адзін год стаць сталіцай. "Нас чакае не толькі шмат падзей і мерапрыемстваў, але і вялікая работа. Мы зробім усё, каб утрымаць планку на вышыні, узятай гродзенцамі, і пастараемся зрабіць яшчэ лепш. Я мару, каб Брэст быў не толькі культурнай, але і інвестыцыйнай, будаўнічай, прамысловай, спартыўнай сталіцай. Але самае галоўнае, каб кожны брастаўчанін адчуў сябе культурным чалавекам, быў патрыётам", - падкрэсліў Аляксандр Рагачук.
У Брэсце на 2015 год запланавана правядзенне не менш як 150 арыгінальных рэспубліканскіх і рэгіянальных творчых праектаў, акцый, форумаў, у першую чаргу - да 70-годдзя Вялікай Перамогі.