26 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Замежныя турысты з 26 кастрычніка могуць прыязджаць на Аўгустоўскі канал без візы. Сёння ўступае ў сілу ўказ ад 23 жніўня 2016 года нумар 318 "Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян" і пастанова Савета Міністраў ад 17 кастрычніка 2016 года нумар 827, паведамляе БЕЛТА.
Наведваць без візы на працягу пяці сутак можна спецыяльны турысцка-рэкрэацыйны парк "Аўгустоўскі канал" і прылеглыя да яго тэрыторыі. У так званую бязвізавую зону ўвайшлі акрамя Аўгустоўскага канала горад Гродна і частка Гродзенскага раёна. Перасякаць дзяржграніцу з Польшчай неабходна ў пунктах пропуску "Лясная" ("Рудаўка"), "Брузгі" ("Кузніца Беластоцкая"), з Літвой - у пунктах пропуску "Прывалка" ("Швяндубрэ"), "Прывалка" ("Райгардас").
Для наведвання парку замежнаму грамадзяніну неабходна мець з сабой пашпарт (або іншы дакумент для выезду за граніцу) і дакумент, які прадастаўляе права на наведванне Аўгустоўскага канала. Яго запаўняе і выдае тураператар на падставе пададзеных замежным турыстам звестак. Наведваць Аўгустоўскі канал можна індывідуальна або ў складзе тургрупы.
Органы пагранслужбы павінны атрымаць звесткі аб іншаземцах, якія маюць дакумент на права наведвання Аўгустоўскага канала, не пазней за 24 гадзіны да плануемага часу іх уезду ў Беларусь.
У турыстаў павінны быць грошы для расходаў на знаходжанне ў Беларусі і выезд з краіны. На кожны дзень знаходжання трэба мець суму ў валюце або беларускіх рублях, эквівалентную не менш за 2 базавыя велічыні (цяпер базавая велічыня складае Br21).
Страчаны дакумент можна замяніць дублікатам. Ён таксама выдаецца тураператарам, але калі турыст выявіў, што страціў дакумент, то павінен неадкладна звярнуцца ў бліжэйшы орган унутраных спраў. Да афармлення дыппрадстаўніцтвам або консульскай установай дакумента для выезду з Беларусі выдаецца даведка, якая пацвярджае асобу замежнага грамадзяніна або таго, хто не мае грамадзянства.
Турысты, якія наведалі Аўгустоўскі канал, абавязаны выехаць з Беларусі да заканчэння 5 сутак бязвізавага знаходжання. У выпадках стыхійных бедстваў, аварый або надзвычайных сітуацый прыроднага або тэхнагеннага характару, хваробы або па стане здароўя, іншых непрадбачаных абставін тэрмін часовага знаходжання і рэгістрацыі можа быць прадоўжаны, турысту будзе выдадзена віза.
Тураператары абавязаны праінфармаваць замежных грамадзян аб адказнасці за парушэнне заканадаўства Беларусі аб прававым становішчы замежных грамадзян або асоб без грамадзянства. Кантраляваць знаходжанне турыстаў, якія ўехалі на падставе дакумента на права наведвання парку "Аўгустоўскі канал", будуць органы ўнутраных спраў Беларусі ва ўзаемадзеянні з органамі пагранслужбы, дзяржбяспекі і Міністэрствам замежных спраў. Турыстаў, якія выедуць за межы дазволенай для бязвізавага наведвання тэрыторыі або ўхіляцца ад выезду з Беларусі ва ўстаноўлены тэрмін, могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне заканадаўства.
Бязвізавы рэжым будзе дзейнічаць да 31 снежня 2017 года.