22 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адной з галоўных падзей бягучага года з'яўляецца 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што 70-годдзе вызвалення важнейшае за ўсе чэмпіянаты свету.
"У гэтым годзе мы адкрываем Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Гэта ўнікальны аб'ект на постсавецкай прасторы, у свеце і Еўропе. Мы вымушаны былі яго пабудаваць таму, што многія пачалі забываць пра той перыяд гісторыі, пра гераізм, які праявіў наш народ, украінцы, расіяне і іншыя народы Савецкага Саюза ў імя выратавання Айчыны, - адзначыў беларускі лідар. - Для моладзі гэта вельмі важна".
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў 2012 годзе ў Пасланні ўпершыню было сказана аб адраджэнні вытворчасці слуцкіх паясоў. "Сёння слуцкія паясы сталі здабыткам грамадства. Нам удалося ўзнавіць унікальнае тварэнне чалавечых рук, якое не ўступае ўзорам таго перыяду", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Калі мы будзем помніць сваё мінулае, аднаўляць страчанае, значыць, мы ведаем, адкуль прыйшлі і чаго хочам", - рэзюмаваў Прэзідэнт.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|