3 мая, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. "Прэзідэнт-атэль" гатовы прыняць першых наведвальнікаў. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, перарэзаўшы сімвалічную стужку, адкрыў сёння гасцініцу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўніка дзяржавы азнаёмілі з функцыянальнымі магчымасцямі "Прэзідэнт-атэля", арганізацыяй яго работы. Аляксандр Лукашэнка агледзеў некалькі нумароў гасцініцы, кангрэс-хол "Мінск", залу пасяджэнняў, басейн, рэстараны, іншыя памяшканні. Прэзідэнт падрабязна пацікавіўся якасцю работ па рэканструкцыі гасцініцы, тэрмінам акупнасці.
Адзінаццаціпавярховы будынак "Прэзідэнт-атэля" быў узведзены на месцы гасцінічнага корпуса "Кастрычніцкая". Работы былі пачаты ў студзені 2011 года, заказчыкам рэканструкцыі выступіла рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Атэль "Мінск", генеральнай падраднай арганізацыяй - турэцкая кампанія. Фінансаванне ажыццёўлена за кошт крэдытных сродкаў, прадастаўленых экспартным крэдытным банкам Турцыі "Цюрк Эксімбанк" (85 працэнтаў ад агульнай сумы затрат) і ААТ "Ашчадны банк "Беларусбанк" (15 працэнтаў).
Як далажылі Прэзідэнту, цяпер гасцініца можа размясціць у два разы больш пастаяльцаў, чым ранейшая. Тут створаны ўсе ўмовы як для адпачынку, так і для правядзення розных афіцыйных, дзелавых мерапрыемстваў. "Прэзідэнт-атэль" дае магчымасць праводзіць у ім на высокім дзяржаўным узроўні мерапрыемствы па прыёму і абслугоўванню афіцыйных дэлегацый замежных краін, міжнародных арганізацый і дзелавых колаў, якія наведваюць Беларусь.
У гасцініцы ёсць кангрэс-хол на 600 месц, пяць канферэнц-залаў на 136 месц і дзве vip-залы на 105 месц, аснашчаных мультымедыйнымі стэрэа- і канферэнц-сістэмамі, абсталяваннем для сінхроннага перакладу і правядзення відэаканферэнцый. У гасцініцы ёсць таксама тры рэстараны на 460 пасадачных месц, пяць бараў і чатыры банкетныя залы. Акрамя таго, у дадатковых карпусах размешчаны SPA і фітнес-цэнтры з плавальнымі басейнамі і саўнамі, начны клуб, падземны паркінг.
"Добрая, прыстойная гасцініца", - падагульніў Аляксандр Лукашэнка. Разам з тым Прэзідэнт звярнуў увагу на неабходнасць больш хуткага ўстаранення некаторых будаўнічых недапрацовак.
Кіраўнік дзяржавы таксама пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей. "У самым сэрцы Мінска вырас унікальны пяцізоркавы гасцінічны комплекс, які спалучае еўрапейскі камфорт з традыцыямі беларускай гасціннасці і ўтульнасці. Тут створаны ўсе ўмовы для зручнага пражывання гасцей нашай краіны, правядзення важных дзелавых сустрэч і перагавораў" , - гаворыцца ў запісе. "Упэўнены, што калектыў вашай гасцініцы зробіць усё для таго, каб "Прэзідэнт-атэль" адпавядаў сваёй назве, стаў адной з адметных мясцін сталіцы, заваяваў міжнародны аўтарытэт і прызнанне. Няхай кожны, хто паселіцца ў новай гасцініцы, адчувае сябе ў гэтых цудоўных сценах, як дома, і з задавальненнем прыязджае сюды зноў і зноў", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|