Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

30 Чэр 2015

Палата прадстаўнікоў Беларусі назначыла прэзідэнцкія выбары на 11 кастрычніка 2015 года

Палата прадстаўнікоў Беларусі назначыла прэзідэнцкія выбары на 11 кастрычніка 2015 года

30 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выбары Прэзідэнта Беларусі пройдуць 11 кастрычніка 2015 года. Такое рашэнне сёння прынята на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, якое завяршае работу сёмай сесіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Выступаючы сёння ў Палаце прадстаўнікоў перад назначэннем гэтай даты, старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына нагадала, што на гэтых выбарах будзе выкарыстоўвацца такое новаўвядзенне, як фінансаванне перадвыбарных кампаній кандыдатаў за кошт іх фондаў.

"Для гэтага павялічваецца ў тры разы гранічны памер выбарчага фонду кандыдата ў прэзідэнты з 3 тыс. да 9 тыс. базавых велічынь. На сённяшні дзень гэта сума складае Br1 млрд 620 млн або каля $105 тыс.", - сказала Лідзія Ярмошына.

Пры гэтым знята абмежаванне памеру грашовых сродкаў, якія можа ўнесці ў фонд сам прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду. "Цяпер кандыдат зможа цалкам за кошт сваіх уласных сродкаў прафінансаваць увесь выбарчы фонд, усю сваю агітацыйную кампанію. Раней ён мог уносіць у склад свайго асабістага фінансавага фонду не больш як 50 базавых велічынь", - растлумачыла Лідзія Ярмошына.

Яна таксама звярнула ўвагу на тое, што гэтыя фонды дазволена фарміраваць ужо з моманту рэгістрацыі ініцыятыўных груп для фінансавання расходаў па зборы подпісаў. "На наш погляд, такія новаўвядзенні, якія прадастаўляюць больш шырокія магчымасці для фінансавання ўласнай выбарчай кампаніі, прывядуць да легалізацыі многіх расходаў, якія нясуць кандыдаты або патэнцыяльныя кандыдаты", - сказала кіраўнік ЦВК.

Згодна з Канстытуцыяй Беларусі Прэзідэнт выбіраецца тэрмінам на пяць гадоў і ўступае на пасаду пасля прынясення прысягі. Прэзідэнцкія выбары назначаюцца Палатай прадстаўнікоў не пазней як за пяць месяцаў і праводзяцца ў нядзелю не пазней як за два месяцы да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў дзеючага кіраўніка дзяржавы. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь прынёс прысягу 21 студзеня 2011 года, і адпаведна чарговыя выбары павінны адбыцца не пазней за нядзелю 15 лістапада 2015 года.

Прэзідэнтам можа быць выбраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнні, не маладзейшы за 35 гадоў, які валодае выбарчым правам і пастаянна пражывае ў Беларусі не менш як дзесяць гадоў непасрэдна перад выбарамі. Не мае права быць кандыдатам у прэзідэнты грамадзянін, у якога ёсць судзімасць. Кандыдаты вылучаюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь пры наяўнасці не менш як 100 тыс. подпісаў выбаршчыкаў. Пры гэтым ініцыятыўная група павінна налічваць не менш як 100 чалавек. Рэгістрацыю кандыдатаў у прэзідэнты праводзіць ЦВК. Яна пачынаецца за 35 дзён і завяршаецца за 25 дзён да выбараў. Кандыдат мае права мець да 30 давераных асоб, якія дапамагаюць у правядзенні выбарчай кампаніі, вядуць агітацыю і прадстаўляюць яго інтарэсы ва ўзаемаадносінах з дзяржаўнымі органамі, грамадскімі аб'яднаннямі, выбаршчыкамі і ў выбарчых камісіях.

Кандыдаты маюць права ствараць уласныя выбарчыя фонды для фінансавання расходаў па перадвыбарнай агітацыі ў памеры не большым за 9 тыс. базавых велічынь. Фонды могуць фарміравацца за кошт уласных грашовых сродкаў кандыдата, добраахвотных ахвяраванняў грамадзян Рэспублікі Беларусь і юрыдычных асоб. За кошт сродкаў гэтых выбарчых фондаў можна вырабляць агітацыйныя друкаваныя матэрыялы (плакаты, лістоўкі і іншыя матэрыялы). У сваю чаргу ЦВК вырабляе агульныя плакаты з біяграфічнымі данымі аб кандыдатах, а таксама інфармацыйныя матэрыялы аб іх для накіравання выбаршчыкам.

Перадвыбарная агітацыя можа праходзіць на сходах, мітынгах, у сродках масавай інфармацыі і на сустрэчах з выбаршчыкамі. Для правядзення сустрэч з выбаршчыкамі мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы па ўзгадненні з выбарчымі камісіямі вызначаюць і бясплатна прадастаўляюць памяшканні для сустрэч з выбаршчыкамі. Акрамя таго, кандыдаты і іх давераныя асобы маюць права праводзіць у спрошчаным паведамляльным парадку масавыя мерапрыемствы (сходы па-за памяшканнямі, мітынгі, пікетаванне) для мэт агітацыі ў месцах, вызначаных мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі па ўзгадненні з выбарчымі камісіямі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі