23 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Лепшая беларуская біятланістка Дар'я Домрачава ўпершыню стала ўладальніцай Вялікага хрустальнага глобуса, атрымаўшы перамогу ў агульным заліку Кубка свету, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
22 сакавіка ў заключнай гонцы гэтага сезона ў расійскім Ханты-Мансійску Дар'я Домрачава заняла 4-е месца ў мас-старце і заваявала галоўны трафей біятлоннага сезона.
Трохразовая алімпійская чэмпіёнка з самага пачатку захапіла лідарства і ўтрымлівала яго пасля двух агнявых рубяжоў, бездакорна адстраляўшыся на "лёжцы". Прыйшоўшы лідарам да першай стральбы са становішча стоячы, Дар'я дапусціла адзін промах і апынулася на 3-м месцы перад чарговым кругам дыстанцыі. На заключнай "стойцы" Домрачава прамахнулася яшчэ раз, але гэта абсалютна не засмуціла ні саму спартсменку, ні вялікую армію беларускіх балельшчыкаў, таму што адзіны канкурэнт беларускі фінская біятланістка Кайса Мякярайнен на гэты раз не змагла на роўных сапернічаць з Дашай, дапусціўшы 5 промахаў на стрэльбішчы - у выніку 13-е месца.
Пераможцай гэтага мас-старту на 12,5 км стала немка Лаура Дальмаер, якая паказала рэзультат 35 мін 08,2 сек пры ідэальнай стральбе, на 7,1 сек адстала чэшка Габрыэла Саўкалава, яна таксама ні разу не прамахвалася, трэцяе месца заняла францужанка Мары Дарэн-Абер (+19,9 сек; 2 промахі), Дар'я Домрачава адстала ад пераможцы на 28,9 сек.
Яшчэ адна прадстаўніца Беларусі Надзея Скардзіна не змагла прыняць удзел у мас-старце.
Па выніках кубкавага сезона Дар'я Домрачава набрала 1092 ачкі, у Кайсы Мякярайнен 1044 балы, а замкнула тройку мацнейшых біятланістак планеты ўкраінка Валянціна Семярэнка, у якой 864 ачкі.
Астатнія беларускія страляючыя лыжніцы завяршылі сезон з такімі паказчыкамі: 18-е месца - Надзея Скардзіна - 442 ачкі, 41-е - Надзея Пісарава - 172, 50-е - Настасся Дубарэзава - 122, 55-е - Ірына Крыўко - 100.
У мужчын у агульным заліку Кубка планеты чацвёрты раз запар пераможцам стаў француз Мартэн Фуркад - 1042 ачкі, другое месца ў расіяніна Антона Шыпуліна - 978, трэцім стаў славенец Якаў Фак - 883.
Лепшым з беларускіх біятланістаў стаў Юрый Лядаў - 192 ачкі і 36-е месца, ва Уладзіміра Чапеліна 143 балы і 42-я пазіцыя, а Дзмітрый Дзюжаў набраў 10 ачкоў і заняў 85-е месца сярод 91 спартсмена, якія зарабілі заліковыя балы ў сезоне Кубка свету-2014-2015.