3 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На трох лядовых арэнах Мінска сёння стартуе Х Калядны міжнародны турнір аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Беларусі. Адметнай асаблівасцю гэтых традыцыйных спаборніцтваў стане тое, што ўпершыню матчы прыме нядаўна пабудаваная "Чыжоўка-Арэна", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Першымі на лёд галоўнай лядовай пляцоўкі новай арэны, якая ўмяшчае 9 200 гледачоў, выйдуць прадстаўнікі групы В - зборныя Расіі і Чэхіі. У той жа час (у 15.00) у сталічным Палацы спорту сустрэнуцца каманды Германіі і Славакіі (група А), а ў Лядовым палацы па вул. Прытыцкага адбудзецца скандынаўскае дэрбі: Швецыя – Фінляндыя (група С).
Урачыстая цырымонія адкрыцця юбілейных спаборніцтваў пройдзе ў 18.00 ў Палацы спорту перад гульнёй хакеістаў Беларусі і Францыі (група А). Заключныя сустрэчы першага гульнявога дня пачнуцца ў 20.00 - у "Чыжоўка-Арэне" згуляюць зборныя Аўстрыі і Швейцарыі (група В), а ў Лядовым палацы будуць сапернічаць хакеісты Канады і Украіны (група С).
Адным з галоўных сюрпрызаў юбілейных спаборніцтваў аматараў хакея стане розыгрыш абанементаў на ўсе паядынкі групавога раўнда маючага адбыцца чэмпіянату свету з удзелам зборнай Беларусі. Па выніках спецыяльнай акцыі "Шчаслівы балельшчык" Прэзідэнцкага спартыўнага клуба 10 самых удачлівых паклоннікаў хакея атрымаюць абанементы на гульні беларускіх хакеістаў. Для таго каб трапіць на сусветнае хакейнае свята, аматарам спорту давядзецца не толькі паспадзявацца на шчаслівы выпадак, але і прадэманстраваць навыкі, якія ўласцівыя сапраўднаму балельшчыку і сапраўднаму спартсмену, такія як адданасць любімаму захапленню, веданне і разуменне хакея, а таксама знаходлівасць, спрыт, кемлівасць. У першыя чатыры дні Х Каляднага міжнароднага турніру абанементы будуць разыграны на вячэрніх матчах у мінскім Палацы спорту, а ў заключны дзень - у "Мінск-Арэне".
Х Калядны турнір аматараў хакея пройдзе ў Мінску з 3 па 7 студзеня. На папярэднім этапе 12 дружын падзелены на тры групы:
А - Беларусь, Германія, Славакія, Францыя;
В - Расія, Аўстрыя, Чэхія, Швейцарыя;
С - Канада, Фінляндыя, Швецыя, Украіна.
У фінальны этап выйдуць пераможцы трох квартэтаў, а таксама лепшая каманда з тых, што занялі другія месцы. У адным з паўфіналаў памераюцца сіламі пераможца групы А і лепшая з заняўшых другое месца дружын. У другім паўфінале сыдуцца пераможца групы В і пераможца групы С. У матчы за першае месца сустрэнуцца пераможцы паўфінальных гульняў, а трэцяе месца будуць аспрэчваць каманды, якія прайгралі ў паўфіналах.
Матчы каманд групы А пройдуць у мінскім Палацы спорту. Другая чацвёрка будзе гуляць на лёдзе "Чыжоўка-Арэны", трэцяя - у мінскім Лядовым палацы (вул. Прытыцкага, 27). Фінал і ўрачыстую цырымонію закрыцця турніру прыме "Мінск-Арэна".
Калядны турнір стане своеасаблівай рэпетыцыяй чэмпіянату свету, які пройдзе ў Мінску ў маі 2014 года. З кожнай з аматарскіх каманд будуць працаваць валанцёры, якіх затым задзейнічаюць і ў час сусветнага форуму.
У мінулыя гады пераможцам Каляднага турніру сем разоў станавілася каманда Прэзідэнта Беларусі (у 2005, 2006, 2008, 2009, 2010, 2012 і 2013 гадах). Двойчы поспех святкавала расійская дружына, якая ў 2007 і ў 2011 гадах адолела ў фінале беларусаў.
У 2013 годзе ўпершыню ў рамках турніру была праведзена дабрачынная акцыя "Калядная традыцыя", у ходзе якой хакеісты каманд-удзельніц наведалі дзіцячыя дамы і сацыяльныя прытулкі, уручыўшы іх выхаванцам падарункі, а таксама аказаўшы фінансавую дапамогу ад імя Прэзідэнцкага спартыўнага клуба і Беларускай федэрацыі хакея. Гэта акцыя будзе прадоўжана і ўдзельнікамі цяперашняга турніру.
Арганізатарамі маючых адбыцца спаборніцтваў выступаюць Міністэрства спорту і турызму Беларусі, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, Федэрацыя хакея Рэспублікі Беларусь і Прэзідэнцкі спартыўны клуб.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|