1 ліпеня, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Беларусы, як ніякая іншая нацыя, цэняць магчымасць жыць без страху і гадаваць дзяцей, заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на ўрачыстым сходзе, прысвечаным 70-й гадавіне вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дню Незалежнасці Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Вайна пакінула глыбокі след у генетычнай памяці беларускай нацыі, неверагоднай сілай уплавіла ў душу кожнага з нас непрыняцце гвалту. Таму мы, як ніхто іншы ў свеце, цэнім магчымасць жыць без страху і гадаваць нашых дзяцей", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт лічыць сімвалічным, што менавіта 3 ліпеня з'яўляецца галоўным дзяржаўным святам - Днём Незалежнасці Беларусі. Бо менавіта ў ліпені 1944 года з беларускага Дома Урада быў зрынуты галоўны нацысцкі сімвал.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што фармальна гітлераўцы акупіравалі тэрыторыю Беларусі, але паставіць беларусаў на калені не змаглі. "Супраціўленне стала сапраўды ўсенародным, - сказаў Прэзідэнт. - У полымі вайны згарэла жыццё кожнага трэцяга нашага суайчынніка. Было разбурана больш як 200 гарадоў, знішчаны амаль 10 тыс. вёсак і пасёлкаў, сотні з іх спалены разам з людзьмі. Акупанты ўстроілі на беларускай зямлі страшны канвеер смерці, стварыўшы 260 канцэнтрацыйных лагераў і 110 гета".
"Забываць пра гэта нельга! Памяць - гэта трывожны звон гісторыі. Ён папярэджвае свет, што любая вайна - гэта вар'яцтва. Ён папярэджвае, што ні адна мэта не вартая чалавечага жыцця. Ён папярэджвае, што любога агрэсара рана ці позна спасцігне ганебны крах", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сёння аддаецца даніна пашаны ўсім загінуўшым - героям-вызваліцелям і бязвінным ахвярам той вайны. "Мы памятаем і ганарымся подзвігам пакалення пераможцаў. І мы абяцаем, што нашу Перамогу мы нікому не аддадзім!" - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Барацьба з фашызмам выкавала лепшыя рысы нацыянальнага характару - патрыятызм, свабодалюбства і стойкасць. Тое, што нам заўсёды дапамагала пераадольваць любыя цяжкасці, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Менавіта там, у агні народнага супраціўлення, па-сапраўднаму ўмацавалася тое пачуццё адзінства, якое і стварае нацыю".
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што беларускую свабоду і незалежнасць сённяшняга дня адстойвалі беларус і рускі, украінец і грузін, азербайджанец і армянін.
"Гэта адзінства выратавала нас у ваенны перыяд. Яно дало нам мудрасць і моц ужо ў новы час пабудаваць незалежную Беларусь, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Кожны, хто замахваецца на адзінства нацыі, - вораг Беларусі".
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|