22 сакавіка, Мінск /Сяргей Вішнеўскі - БЕЛТА/. Беларускія спартсмены заваявалі 9 медалёў на Х зімовай Паралімпіядзе, якая прайшла з 12 па 21 сакавіка ў канадскіх Ванкуверы і Уістлеры, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У заключны дзень дзевятую ўзнагароду беларускай камандзе прынесла Людміла Волчак, якая заваявала бронзу ў фінале лыжнай спрынтэрскай гонкі на 1 км сярод сядзячых спартсменак з парушэннямі апорна-рухальнага апарату (3 мін. 01,9 сек.). Золата выйграла італьянка Франчэска Парчэлата (2 мін. 58,5 сек.), серабро дасталося ўкраінцы Алене Юркоўскай (3 мін. 00 сек.).
У фінал спрынтэрскай гонкі на 1 км для стаячых спартсменак з парушэннямі апорна-рухальнага апарату прабілася таксама беларуска Ларыса Варона, якая заняла 4-е месца (4 мін. 34,5 сек.). Золата тут заваявала ўкраінка Аляксандра Конанава (4 мін. 21,4 сек.), серабро - японка Шока Ота (4 мін. 26,8 сек.), бронзу - расіянка Ганна Бурмістрава (4 мін. 31,3 сек.).
У медальным заліку Параалімпіяды Беларусь з 9 узнагародамі (2 залатыя, 7 бронзавых) заняла 9-е месца, па агульнай колькасці прызавых месц паўтарыўшы рэкордны рэзультат Турына-2006 (1 залаты, 6 сярэбраных, 2 бронзавыя медалі).
Па колькасці залатых медалёў Гульні ў Канадзе сталі для беларускай каманды рэкорднымі. Прычым абедзве залатыя ўзнагароды на рахунку капітана нашай дружыны Людмілы Волчак - у лыжных гонках на дыстанцыях 10 км і 5 км сярод сідзячых спартсменак з парушэннямі апорна-рухальнага апарату. У актыве Людмілы Волчак таксама дзве бронзы - у спрынце на 1 км і ў лыжнай жаночай эстафеце 3х2,5 км, дзе разам з ёй гэты медаль здабывалі Ларыса Варона і Ядвіга Скорабагатая.
Бронзавымі прызёрамі таксама станавіліся Васіль Шапцябой у лыжнай гонцы вольным стылем на 20 км сярод спартсменаў са слабым зрокам і ў біятлоннай гонцы праследавання на 3 км, Ядвіга Скорабагатая ў 15-кіламетровай гонцы вольным стылем сярод спартсменак са слабым зрокам, Дзмітрый Лобан у лыжнай гонцы на 10 км сярод сідзячых спартсменаў з парушэннямі апорна-рухальнага апарату, Ларыса Варона ў лыжнай гонцы класічным стылем на 5 км сярод стаячых спартсменак з парушэннямі апорна-рухальнага апарату.
Перад пачаткам Паралімпіяды беларуская дружына разлічвала на 5 медалёў. Гэты прагноз перавыкананы.
Яшчэ 6 разоў беларускія паралімпійцы спыняліся за крок ад п'едэстала, займаючы 4-е месца.
Усяго ўзнагароды заваёўвалі прадстаўнікі 21 краіны:
1. Германія - 13 залатых, 5 сярэбраных, 6 бронзавых (усяго 24)
2. Расія - 12, 16, 10 (38)
3. Канада - 10, 5, 4 (19)
4. Славакія - 6, 2, 3 (11)
5. Украіна - 5, 8, 6 (19)
6. ЗША - 4, 5, 4 (13)
7. Аўстрыя - 3, 4, 4 (11)
8. Японія - 3, 3, 5 (11)
9. Беларусь - 2, 0, 7 (9)
10. Францыя - 1, 4, 1 (6)
11. Італія - 1, 3, 3 (7)
12. Нарвегія - 1, 3, 2 (6)
13. Іспанія - 1, 2, 0 (3)
13. Швейцарыя - 1, 2, 0 (3)
15. Новая Зеландыя - 1, 0, 0 (1)
16. Аўстралія - 0, 1, 3 (4)
17. Фінляндыя - 0, 1, 1 (2)
18. Паўднёвая Карэя - 0, 1, 0 (1)
19. Швецыя - 0, 0, 2 (2)
20. Чэхія - 0, 0, 1 (1)
20. Польшча - 0, 0, 1 (1).
Былі разыграны 64 камплекты ўзнагарод у пяці відах спорту (біятлоне, лыжных гонках, горных лыжах, хакеі і кёрлінгу). У Паралімпіядзе прымалі ўдзел атлеты з 43 краін.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|