29 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы ў Пекіне беларуска Марына Арзамасава заняла першае месца ў фінальным забегу на 800 м, паказаўшы рэзультат 1 мін 58,03 сек, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У фінальным забегу сабраліся моцныя канкурэнткі беларускі, кожная з якіх у бягучым сезоне паказвала рэзультат на гэтай дыстанцыі вышэйшы за 1 мін 59,0 сек. Марына Арзамасава ў ходзе забегу ўпэўнена трымалася за лідарам Эніс Джэпкач Сум і на другі заключны круг выйшла адным з лідараў. У фінішным створы беларуска змагла абысці кенійку і не прапусціла наперад канадку Мелісу Бішап, стаўшы чэмпіёнкай свету з рэзультатам 1 мін 58,03 сек.
Другое месца заняла Меліса Бішап з Канады - 1 мін 58,12 сек, бронзавы прызёр - Эніс Джэпкач Сум з Кеніі -1 мін 58,18 сек.
Для зборнай Беларусі ўзнагарода Марыны Арзамасавай на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы ў Пекіне стала другой у скарбонцы. У пятніцу, 28 жніўня, бронзавым прызёрам у бегу на 100 м з бар'ерамі стала Аліна Талай.