Асаблівы орган у сістэме беларускага народаўладдзя, прызначаны ўмацоўваць узаемасувязь грамадства і дзяржавы.
У адпаведнасці з Канстытуцыяй Беларусі са змяненнямі і дапаўненнямі ад 27 лютага 2022 года, Усебеларускі народны сход – "вышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя Рэспублікі Беларусь, які вызначае стратэгічныя напрамкі развіцця грамадства і дзяржавы, забяспечвае непахіснасць канстытуцыйнага ладу, пераемнасць пакаленняў і грамадзянскую згоду". У адрозненне ад Нацыянальнага сходу (парламента), гэты інстытут – больш шматлікі, што дазваляе пашырыць прадстаўніцтва і ўдзел людзей у прыняцці стратэгічных рашэнняў, улічваць інтарэсы ўсіх слаёў грамадства і іх меркаванні адносна развіцця краіны.
Дэлегатамі Усебеларускага народнага сходу, максімальная колькасць якога складае 1200 чалавек, з'яўляюцца:
Прадстаўнікі мясцовых Саветаў дэпутатаў і грамадзянскай супольнасці для ўдзелу ва Усебеларускім народным сходзе выбіраюцца ад кожнай вобласці і горада Мінска ў парадку, вызначаным законам.
Для аператыўнага вырашэння пытанняў, што ўваходзяць у кампетэнцыю УНС, існуе калегіяльны орган – Прэзідыум.
Усебеларускі народны сход, у адпаведнасці з Канстытуцыяй, мае шырокае кола паўнамоцтваў:
У кастрычніку 1996 года ў Беларусі ўпершыню адбыўся маштабны народны форум, які аб'яднаў прадстаўнікоў усіх рэгіёнаў краіны – людзей розных сацыяльных груп, прафесій, узростаў – у абмеркаванні найбольш важных пытанняў жыцця грамадства і дзяржавы.
Такі кансалідаваны фармат разгляду ключавых задач і напрамкаў развіцця краіны на перспектыву замацаваўся: у суверэннай гісторыі Усебеларускі народны сход праходзіў у 1996, 2001, 2006, 2010, 2016 і 2021 гадах.
Усебеларускі народны сход стаў асаблівай формай народаўладдзя, дэмакратычным інстытутам, які даваў магчымасць грамадзянам Беларусі больш шырока рэалізоўваць права ўдзелу ў справах дзяржавы – не толькі праз выбары розных узроўняў і рэферэндумы, дзейнасць парламента і мясцовых Саветаў дэпутатаў, камунікацыю з выбраннікамі.
Ва ўсенародным форуме прымалі ўдзел дэлегаты з кожнага рэгіёна краіны: прадстаўнікі ўсіх галін улады, усіх сфер вытворчасці і бізнесу, навукі і адукацыі, аховы здароўя і культуры, студэнцкая моладзь і ветэраны. Гэтых аўтарытэтных людзей – спецыялістаў у прафесіі, лідараў, гатовых выказваць пазіцыю па вострых пытаннях і ўносіць прапановы, – вылучалі і выбіралі ў працоўных калектывах, на грамадскіх сходах.
Акрамя таго, на Усебеларускі народны сход запрашаліся прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, беларускіх дыяспар, міжнародных арганізацый, замежныя госці.
Па традыцыі Усебеларускі народны сход праводзіўся з перыядычнасцю раз у пяць гадоў. Фармат мерапрыемства – два дні актыўнай работы дэлегатаў з усёй краіны.
Аднак на практыцы працэс падрыхтоўкі да форуму і падвядзення яго вынікаў займаў многія месяцы. Гэта перыяд, калі актывізавалася грамадскае абмеркаванне дасягненняў і праблем краіны, падводзіліся вынікі за папярэднюю пяцігодку, уносіліся прапановы аб далейшай стратэгіі развіцця.
У 2021 годзе ў Беларусі пачалася маштабная работа па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Асноўны закон краіны. Для падрыхтоўкі праекта была створана Канстытуцыйная камісія, у якую ўвайшлі 36 чалавек – прадстаўнікі дзяржаўных органаў, юрыдычнай навукі, грамадскіх аб'яднанняў, розных галін эканомікі і сацыяльнай сферы –заслужаныя і аўтарытэтныя людзі, маючыя актыўную грамадзянскую пазіцыю.
У снежні 2021 г. праект змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь быў абнародаваны для ўсенароднага абмеркавання: за тры з палавінай тыдні ад беларусаў паступіла больш за 8,9 тыс. меркаванняў і прапаноў.
27 лютага 2022 г. адбыўся чацвёрты ў гісторыі суверэннай Беларусі рэспубліканскі рэферэндум: 4 440 830 грамадзян – 82,86% прагаласаваўшых – падтрымалі папраўкі. І 15 сакавіка 2022 г. абноўленая Канстытуцыя Беларусі ўступіла ў сілу.
Галоўныя змяненні Асноўнага закона краіны закранулі пытанні дзяржаўнага ладу: былі сфармуляваны нормы, якія вызначаюць статус, парадак фарміравання і паўнамоцтвы Усебеларускага народнага сходу, які стаў вышэйшым прадстаўнічым органам народаўладдзя.
19-20 кастрычніка 1996 года
Дэлегаты: 4740 чалавек
Даклад Прэзідэнта – "Толькі народ мае права вырашаць свой лёс"
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, які выступіў з ініцыятывай правядзення ўсенароднага форуму, прадставіў аналіз развіцця краіны за першыя гады незалежнасці і свайго знаходжання на пасадзе прэзідэнта, далейшую стратэгію з акцэнтам на сацыяльна арыентаваную рыначную эканоміку.
Галоўныя тэмы і прынятыя рашэнні: на першым Усебеларускім народным сходзе была разгледжана і прынята Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на 1996-2000 гады (прыярытэты – экспарт тавараў і паслуг, жыллёвае будаўніцтва, развіццё АПК), адобрана ініцыятыва правядзення рэспубліканскага рэферэндуму па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю.
18-19 мая 2001 года
Дэлегаты: 2,5 тыс. чалавек
Дэвіз – "За моцную і працвітаючую Беларусь"
Галоўныя тэмы і прынятыя рашэнні: падведзены вынікі і адзначаны важкія дасягненні пяцігоддзя, разгледжаная дэлегатамі Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2001-2005 гады намеціла далейшыя арыенціры і прыярытэты – забеспячэнне харчовай бяспекі, экспарт, жыллё, інавацыі і інвестыцыі.
2-3 сакавіка 2006 года
Дэлегаты: больш за 2,5 тыс. чалавек
Дэвіз – "Дзяржава для народа"
Галоўныя тэмы і прынятыя рашэнні: разгледжаны вынікі рэалізацыі Праграмы на 2001-2005 гады і праект абноўленага стратэгічнага плана краіны на новае пяцігоддзе да 2010 года. Сярод акцэнтаў – усебаковае развіццё чалавека, рост рэальных даходаў насельніцтва, інавацыйнае развіццё эканомікі, энерга- і рэсурсазберажэнне, рост экспарту і павышэнне канкурэнтаздольнасці беларускай прадукцыі, развіццё АПК і адраджэнне вёскі, будаўніцтва жылля і развіццё малых гарадоў.
У дні трэцяга ўсенароднага форуму працавала гарачая лінія: жыхары краіны па тэлефоне маглі выказаць свае прапановы па праблемах, што абмяркоўваюцца, накіраваць пытанне Прэзідэнту.
6-7 снежня 2010 года
Дэлегаты: 2,5 тыс. чалавек
Галоўныя тэмы і прынятыя рашэнні: дэлегаты разгледзелі ключавыя вынікі папярэдняга пяцігоддзя, зацвердзілі Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2011-2015 гады. Акцэнт – на захаванні нацыянальнай мадэлі сацыяльна арыентаванай эканомікі, паляпшэнні інвестыцыйнага і бізнес-клімату, развіцці высокатэхналагічных вытворчасцей, росце экспарту.
Зварот удзельнікаў IV Усебеларускага народнага сходу
22-23 чэрвеня 2016 года
Дэлегаты: 2,5 тыс. чалавек
Галоўныя тэмы і прынятыя рашэнні: дэлегаты падвялі ключавыя вынікі развіцця краіны за папярэднюю пяцігодку і абмеркавалі стратэгічныя задачы на будучыню, зацвердзіўшы асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016–2020 гады. Галоўная мэта – павышэнне якасці жыцця насельніцтва на аснове росту канкурэнтаздольнасці эканомікі, прыцягнення інвестыцый і інавацыйнага развіцця. Для яе дасягнення вызначаны такія прыярытэты як інвестыцыі, занятасць, экспарт, інфарматызацыя, моладзь.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 29 кастрычніка 2020 г. падпісаў распараджэнне нумар 212рп "Аб падрыхтоўцы шостага Усебеларускага народнага сходу".
VI Усебеларускі народны сход прайшоў у Мінску 11-12 лютага 2021 года. На абмеркаванне яго ўдзельнікаў былі вынесены асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021–2025 гады і напрамкі грамадска-палітычнага развіцця краіны.
Дэлегаты: 2,4 тыс. чалавек. На форуме сабраліся прадстаўнікі ўсіх слаёў грамадства: рабочыя, працаўнікі вёскі, работнікі сацыяльна-культурнай сферы і СМІ, ваеннаслужачыя, прадпрымальнікі, студэнты, навучэнцы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, пенсіянеры. Сярод дэлегатаў сходу таксама кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, прадпрыемстваў і арганізацый, парламентарыі, дэпутаты мясцовых саветаў, прадстаўнікі палітычных партый, грамадскіх аб'яднанняў.
Агульная колькасць удзельнікаў і запрошаных асоб VI Усебеларускага народнага сходу склала 2,7 тыс. чалавек.
VII Усебеларускі народны сход адбыўся ў Мінску 24-25 красавіка 2024 года. Дэвіз пасяджэння – "Час выбраў нас!".
Упершыню Усебеларускі народны сход прайшоў у новым статусе "вышэйшага прадстаўнічага органа народаўладдзя Рэспублікі Беларусь", які зафіксаваны ў Канстытуцыі (са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэспубліканскім рэферэндуме 27 лютага 2022 г.). Асаблівасцю новага статусу, у тым ліку, з'яўляецца і перыядычнасць пасяджэнняў: яны будуць праводзіцца не раз у пяць гадоў, а не радзей за адзін раз у год. Тэрмін паўнамоцтваў УНС складае пяць гадоў.
Згодна з заканадаўствам, гранічная колькасць дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу складае 1200 чалавек – прадстаўнікоў органаў улады і грамадзянскай супольнасці. Колькасны склад дэлегатаў VII УНС – 1166 чалавек. Таксама на мерапрыемства былі запрошаны больш як 700 гасцей, эксперты.
На першым пасяджэнні VII УНС 24 і 25 красавіка 2024 г. былі разгледжаны арганізацыйныя пытанні, звязаныя з работай самога УНС: выбраны падліковая камісія, старшыня УНС (ім стаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка), намеснік старшыні, Прэзідыум УНС - пастаянна дзеючы рабочы орган. Таксама дэлегатамі былі абмеркаваны і зацверджаны Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі і Ваенная дактрына. Гэта асноўныя стратэгічныя дакументы, якія рэгламентуюць падыходы дзяржавы да забеспячэння бяспекі ў розных сферах з улікам геапалітычных змяненняў у свеце, асноўныя погляды дзяржавы на мір і вайну, прымяненне ваеннай сілы ў рамках рэагавання на існуючыя выклікі і пагрозы.
ФОТА: дзень першы, дзень другі