Ельня – самае вялікае верхавое балота ў Беларусі
Балоты – асаблівы здабытак Беларусі і ўсёй Еўропы: яны займаюць плошчу ў памеры 863 тысяч га, з іх 314 тысяч га маюць міжнародны статус аховы. Нідзе ў Заходняй Еўропе няма такіх вялікіх і разнастайных балотных сістэм: плошча асобных масіваў дасягае 110 квадратных кіламетраў.
Унікальныя і самыя вялікія балоты Беларусі ўнесены ў Cпіс водна-балотных угоддзяў міжнароднага значэння (Рамсарскі спіс): "Спораўскі", "Сярэдняя Прыпяць", "Званец", "Альманскія балоты", "Асвейскі", "Ельня", "Котра", "Простыр", Бярэзінскі біясферны запаведнік, "Выганашчанскае", "Марочна", "Стары Жадзен", "Астравы Дулебы – Заазер’е", "Казьянскі", "Выдрыца", нацыянальны парк "Прыпяцкі", "Пойма ракі Днепр".