9 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальная музычная прэмія "Ліра" адкрывае новыя імёны. Такую ацэнку рэспубліканскаму конкурсу даў міністр культуры Барыс Святлоў, вітаючы гасцей вечара ў Палацы Рэспублікі, дзе 9 лютага праходзіла цырымонія ўзнагароджання пераможцаў V Рэспубліканскага конкурсу "Нацыянальная музычная прэмія ў галіне папулярнай музыкі "Ліра", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў міністра, гэты конкурс, гісторыя якога пачалася з 2011 года, дае магчымасць адкрыць новыя таленты і ўшанаваць тых майстроў, хто заявіў аб сабе ў музычным мастацтве раней. Барыс Святлоў пажадаў усім намінантам перамогі.
У складзе журы конкурсу - вядомыя беларускія музыканты, кампазітары, прадстаўнікі тэлеканала. Старшыня журы - мастацкі кіраўнік заслужанага калектыву Беларусі ансамбля "Сябры" народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка. Конкурс праводзіўся па выніках 2016 года. Запаветныя статуэткі атрымаюць пераможцы ў 14 намінацыях.
Урачыстую цырымонію ўручэння ўзнагарод прэміі "Ліра" гледачы змогуць убачыць 12 лютага на тэлеканале АНТ. Арганізатары конкурсу - Міністэрства культуры Беларусі і "Агульнанацыянальнае тэлебачанне".