19 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Беларусі павінен стаць пляцоўкай для праяўлення талентаў і здольнасцей творчай моладзі. Такое меркаванне выказала сёння журналістам першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле яе слоў, з'яўленне Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Беларусі - даўно наспелая неабходнасць. І не толькі таму, што такія цэнтры ёсць у іншых краінах, але яшчэ і таму, што Беларусь з'яўляецца адным з роданачальнікаў сусветнага авангарднага мастацтва.
Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Беларусі - гэта ўстанова культуры змешанага тыпу, якая прадстаўляе авангарднае мастацтва. Цэнтр будзе займацца не толькі выставачнай, музейнай дзейнасцю, але і прадстаўляць музычную і тэатральную творчасць. Асаблівай функцыяй гэтага цэнтра павінна стаць дэманстрацыя талентаў моладзі, лічыць першы намеснік міністра.
Афіцыйнай датай нараджэння цэнтра з'яўляецца 1 кастрычніка бягучага года, хоць аб'ектыўна цэнтр сучасных мастацтваў працуе ўжо некалькі гадоў. Прыклад таго - прадстаўленне беларускага мастацтва на міжнародных біенале, вулічныя праекты, сярод якіх праект "Арт-астравы".
Усё гэта пацвярджае, што сучаснае беларускае мастацтва знаходзіцца на высокім узроўні развіцця і беларусам ёсць што паказаць. Ірына Дрыга дадала, што ў Беларусі сучаснае мастацтва падтрымліваецца дзяржавай у адрозненне ад іншых краін, дзе існуе прыватная падтрымка.