24 ліпеня, Віцебск /Кацярына Князева - БЕЛТА/. XXV Міжнародныя Шагалаўскія чытанні, якія пройдуць у Віцебску 25-26 ліпеня, збяруць даследчыкаў з пяці краін. Аб гэтым паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Музея Марка Шагала ў Віцебску Ірына Воранава.
Месцам сустрэчы ўдзельнікаў канферэнцыі, а гэта 14 даследчыкаў з Беларусі, Расіі, Латвіі, Японіі, Злучаных Штатаў Амерыкі, традыцыйна стане Арт-цэнтр Марка Шагала. Прадстаўленыя даклады прысвечаны даследаванню эпісталярнай спадчыны Шагала, адкрыццю ў Віцебску школы мастацтваў, апошнім гадам жыцця мастака ў Расіі і гадам знаходжання ў ЗША. Частка выступленняў азнаёміць з творчай спадчынай Шагала, жыццём і творачасцю яго сучаснікаў.
У ходзе чытанняў будзе паказаны відэафільм, прысвечаны адкрыццю мемарыяльнай дошкі мастаку ў Санкт-Пецярбургу 28 сакавіка 2014 года.
Міжнародныя Шагалаўскія чытанні праводзяцца ў Віцебску штогод з 1991 года. За гэты час у канферэнцыі прынялі ўдзел дзясяткі даследчыкаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Францыі, Вялікабрытаніі, Швейцарыі, ЗША, Ізраіля, Германіі, Латвіі і іншых краін. Большасць матэрыялаў чытанняў (гэта больш як 70 дакладаў) апублікавана ў трох выпусках "Шагалаўскага зборніка" і "Бюлетэні Музея Марка Шагала".
Сёлетняя навуковая канферэнцыя стала часткай вялікага культурнага праекта "Вясельная феерыя "Закаханыя над горадам", прысвечанага святкаванню 100-годдзя з дня вяселля Марка Шагала і Бэлы Розенфельд.