9 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстаўка мастацкіх галаграм "Галаграфія-2014. Мінск" адкрыецца 25 красавіка ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінгарвыканкама.
На выстаўцы будуць прадстаўлены лепшыя работы мастацкай галаграфіі, створаныя беларускімі прадпрыемствамі ТАА "Магія святла" і ЗАТ "Галаграфічная індустрыя". Кожны наведвальнік экспазіцыі зможа вывучыць у падрабязных дэталях галаграмы крыжа Ефрасінні Полацкай, Жыровіцкага абраза Маці Божай, Дароў вешчуноў. Госці выстаўкі змогуць убачыць ужо вядомую ўсяму свету серыю галаграм "Скарбы зямлі беларускай", створаную сумесна з Нацыянальным гістарычным музеем Беларусі.
Выстаўка прадоўжыцца да 6 ліпеня. Яе арганізатарамі выступаюць Нацыянальны гістарычны музей Беларусі і сумеснае беларуска-расійскае ЗАТ "Саюз дома нашага" пры падтрымцы Мінгарвыканкама, Нацыянальнага алімпійскага камітэта, Нацыянальнай акадэміі навук, Інстытута фізікі імя Б.І.Сцяпанава НАН Беларусі, рэлігійнай суполкі "Прыход у гонар Усіх Святых Мінскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы", а таксама Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Галаграфічныя тэхналогіі даюць магчымасць аднавіць трохвымерныя выявы фізічных аб'ектаў, якія ўражваюць гледачоў сваёй рэалістычнасцю і дакладнасцю, поўнай перадачай рэальнасці пры дапамозе гульні святла і выкарыстання законаў оптыкі. Адметнасцю мастацкай галаграфіі з'яўляецца тое, што гэтыя выявы трэба бачыць сваімі вачамі - ні фатаграфія, ні відэа не могуць перадаць надзвычайны эфект прысутнасці, які яны аказваюць на гледача.
Пачатак правядзенню выставак мастацкай галаграфіі быў пакладзены яшчэ ў 1978 годзе. Першая Усесаюзная выстаўка мастацкіх галаграм "Галаграфія-78" адбылася ў Мінску і мела вялікі поспех. Гэта стала зыходнай кропкай для шэрага выставак савецкай галаграфіі, якія ў наступныя гады аб'ездзілі 17 краін свету, усюды маючы вялікую папулярнасць. Заснавальнікам мастацкай галаграфіі ў Беларусі з'яўляецца акадэмік Міжнароднай інжынернай акадэміі лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Леанід Танін.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|