25 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Арт-праект Zabor вяртаецца ў Мінск пасля двухгадовага падарожжа па гарадах Беларусі і за яе межамі, паведамілі БЕЛТА арганізатары праекта. Выстаўка работ сучасных беларускіх мастакоў Zabor адкрыецца 8 верасня ў Нацыянальным мастацкім музеі.
На працягу месяца госці і жыхары Мінска змогуць убачыць у Нацыянальным мастацкім музеі работы 10 сучасных беларускіх мастакоў, якія прадстаўляюць не толькі сталіцу, але ўсе рэгіёны Беларусі. "Мы імкнуліся паказаць розныя напрамкі і стылі ў сучасным беларускім мастацтве, - адзначае дырэктар арт-праекта Zabor Антаніна Серакова. - Тут можна будзе ўбачыць і наіўнае мастацтва Сяргея Каваля, і абстрактны жывапіс віцебскага мастака Аляксандра Дасужава, і канцэптуальны праект Руслана Вашкевіча, і сюррэалістычныя афорты гродзенца Юрыя Якавенкі".
Паводле яе слоў, ствараючы канцэпцыю выстаўкі, хацелася не проста паказаць работы мастакоў, але стварыць для кожнага сваю атмасферную прастору, рэалізаваную як асобны праект. Для гэтага арганізатары выстаўкі выкарысталі інсталяцыі, мультымедыйныя тэхналогіі. Так, выставачная прастора Сяргея Каваля ператворыцца ў дзіцячы пакой, дзе будуць працаваць спецыяльныя дзіцячыя майстэрні. Валанцёры будуць працаваць з дзецьмі, маляваць, ляпіць, рабіць аплікацыі. Акрамя таго, малады рэжысёр Раман Бурмакоў спецыяльна для выстаўкі "ажывіў" карціну "Стары Віцебск".
У зале з афортамі гродзенскага графіка Юрыя Якавенкі будзе выбудавана відэаінсталяцыя. "На выстаўцы будзе прадстаўлена сюррэалістычная серыя Юрыя, якая называецца "Хічкок і Далі". Нам хацелася ўзнавіць гэту сюррэалістычную атмасферу саміх афортаў у больш маштабным выглядзе. Абмяркоўваючы праект з Юрыем Якавенкам, мы стварылі асаблівую, амаль тэатральную прастору, дзе глядач у першыя секунды свайго знаходжання ў зале губляе адчуванне рэальнасці таго, што адбываецца", - паведаміла Антаніна Серакова.
Большая частка карцін выстаўкі належыць інвестыцыйнаму фонду "Зубр Капітал", які з'яўляецца арганізатарам праекта. "У калекцыі фонду цяпер больш як 350 карцін і гэта адзін з самых вялікіх прыватных збораў сучаснага мастацтва ў Беларусі. Наша місія - падтрымліваць, захоўваць і папулярызаваць сучаснае мастацтва. Выстаўка ў Нацыянальным музеі - частка гэтай праграмы", - адзначыла арт-дырэктар Zabora Ірына Кандраценка.
У час выстаўкі таксама будуць арганізаваны розныя мерапрыемствы для аматараў мастацтва: прафесійны лекторый, прысвечаны сучаснаму мастацтву; экскурсіі па залах з мастакамі праекта ў ролі гідаў; вечары-кінапаказы; майстар-класы па жывапісе; спецыяльныя экскурсіі для дзяцей і іншыя цікавыя падзеі. Выстаўка Zabor у Нацыянальным мастацкім музеі прадоўжыцца да 3 кастрычніка.
Арт-праект Zabor першым паказаў рэпрадукцыі карцін сучасных беларускіх мастакоў на цэнтральных агароджах беларускіх гарадоў. Стартаваў у ліпені 2012 года ў Мінску на агароджы парку Чалюскінцаў, за апошнія два гады арт-праект наведаў усе абласныя цэнтры краіны, экспанаваўся ў Варшаве, а ў верасні бягучага года рыхтуе выстаўку ў Парыжы. Галоўная мэта праекта - знаёмства з сучасным беларускім мастацтвам.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|