17 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская веласіпедыстка Таццяна Шаракова заняла 9-е месца ў прэстыжным відзе трэкавых гонак омніуме (мнагабор'е з шасці дысцыплін) на Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанэйра, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Перад заключным відам омніума беларуская спартсменка ішла на 8-м месцы ў агульнай класіфікацыі. У гонцы па ачках (дыстанцыя - 25 км) Шаракова паказала 4-ы рэзультат і зарабіла 50 балаў, якія дабавіла да ранейшых 114 у яе скарбонцы. З агульнай сумай 164 ачкі яна заняла падагульняючае 9-е месца.
Пасля першага дня спаборніцтваў беларуская спартсменка была 5-й. У стартавай гонцы трэкавага веламнагабор'я - скрэтчы - яна паказала найлепшы рэзультат сярод усіх 18 саперніц, набраўшы 40 балаў. У індывідуальным праследаванні беларуска заняла 10-е месца (22 балы), у гонцы з выбываннем аказалася на 7-й пазіцыі, зарабіўшы 28 балаў. Другая частка праграмы стартавала з гонкі на час (500 м), дзе Таццяна папоўніла сваю скарбонку на 8 балаў, заняўшы толькі 17-е месца. Гэта дысцыпліна ўдалася Шараковай менш за ўсё. У гонцы на круг з ходу прадстаўніца Беларусі была 13-й (16 ачкоў).
Таццяна Шаракова паўтарыла свой алімпійскі рэзультат чатырохгадовай даўнасці, калі на Гульнях-2012 у Лондане таксама заняла ў омніуме 9-е месца. Менавіта ў трэкавым веламнагабор'і беларуская спартсменка станавілася сярэбраным прызёрам чэмпіянату Еўропы ў 2011 годзе.
Выйграла омніум у алімпійскім Рыа гоншчыца з Вялікабрытаніі Лора Трот, якая ўтрымлівала лідарства ў агульным заліку. Яе падагульняючы рэзультат - 230 ачкоў. Яна ж першынствавала ў гэтай дысцыпліне і на дамашніх Гульнях чатырохгадовай даўнасці. У Бразіліі кампанію на п'едэстале брытанцы склалі прадстаўніца ЗША Сара Хамер (206 ачкоў; 2-е месца) і бельгійка Жульен Д'Ор (199; 3-е). Пасля спаборніцтваў у гонцы па ачках дзве гэтыя спартсменкі памяняліся месцамі ў падагульняючай класіфікацыі. Усяго ж за ўзнагароды змагаліся 18 гоншчыц.