11 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Стыпендыі Прэзідэнта Беларусі назначаны 100 маладым вучоным. Адпаведнае распараджэнне нумар 195рп падпісаў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
У ліку стыпендыятаў 7 дактароў навук ва ўзросце да 45 гадоў, 58 кандыдатаў навук ва ўзросце да 35 гадоў і 35 маладых вучоных без ступені ва ўзросце да 30 гадоў. Гэта прадстаўнікі фізіка-матэматычных, тэхнічных, хімічных, біялагічных, медыцынскіх, аграрных і гуманітарных навук.
Іх навуковыя дасягненні ў рамках фундаментальных і прыкладных даследаванняў па прыярытэтных напрамках навуковай і навукова-тэхнічнай дзейнасці знайшлі практычнае прымяненне ў рабоце прадпрыемстваў і арганізацый Беларусі. Навізна даследаванняў пацверджана публікацыямі ў вядучых айчынных і замежных навуковых часопісах, па многіх распрацоўках атрыманы патэнты на вынаходствы.
Прыняцце распараджэння з'яўляецца сведчаннем падтрымкі дзяржавай таленавітых маладых вучоных і развіцця навуковага патэнцыялу краіны.