19 красавіка, Мінск /Наталля Злотнік - БЕЛТА/. Выстаўка "Вялікі Статут Вяліка Княства", прымеркаваная да 425-годдзя з дня зацвярджэння Статута ВКЛ 1588 года, адкрылася 18 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі, які прыняў удзел у адкрыцці выстаўкі, звярнуў увагу на значнасць экспазіцыі для культурнага жыцця Беларусі. "Кожная эпоха прымушае паглядзець на пэўную падзею і выказаць суб'ектыўны пункт гледжання. Збор гістарычных дакументаў дае магчымасць усё ж такі аб'ектыўна ацаніць падзею", - сказаў ён.
На выстаўцы прадстаўлены выданні Статута ВКЛ з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Музея гісторыі Магілёва, а таксама перавыданні Статута і іншыя прававыя зборнікі XVI-XIX стагоддзяў. Галоўным экспанатам выстаўкі з'яўляецца Статут 1588 года на старабеларускай мове, выдадзены ў 1594-1595 гадах у Вільні. Гэты экзэмпляр Статута захоўваецца ў фондзе Музея гісторыі Магілёва. У чэрвені 2012 года арыгінальнае выданне на старабеларускай мове было выкуплена ў прыватнага калекцыянера ў Маскве за $45 тыс. Усяго ў свеце налічваецца каля 30 экзэмпляраў гэтага выдання, якія знаходзяцца ў Расіі, Польшчы, Літве, Украіне і Вялікабрытаніі.
"У бліжэйшы час мы не зможам набыць яшчэ арыгіналы Статутаў і тым больш сабраць іх у адным месцы. Але такая задача і не ставілася, галоўнае, каб мы маглі ствараць такія выстаўкі і з гэтымі дакументамі маглі працаваць усе зацікаўленыя асобы", - адзначыў Раман Матульскі.
Статут 1588 года быў распрацаваны пры ўдзеле канцлера Астафія Валовіча і падканцлера ВКЛ Льва Сапегі і выдадзены ў друкарні, якая была заснавана ў Вільні Пятром Мсціслаўцам на грошы магілёўскіх купцоў Мамонічаў. Арыгінальны Статут уяўляе сабой вышэйшае дасягненне старабеларускай прававой думкі, якое аказала ўплыў на культурна-гістарычныя і юрыдычныя традыцыі краін Еўропы. Статут з'яўляецца не толькі дакументам, але сімвалам і помнікам вышэйшага культурнага значэння.
Выстаўка "Вялікі Статут Вялікага Княства" праходзіць у час IX Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў "Статут Вялікага Княства Літоўскага ў гісторыі культуры Беларусі", адкрыццё якіх адбылося 18 красавіка. У мерапрыемстве прынялі ўдзел вучоныя з Беларусі, Расіі, Літвы, Латвіі, Украіны і Польшчы. Удзельнікі канферэнцыі прадставілі новыя даследаванні па гісторыі і культуры ВКЛ, гісторыі кніжных помнікаў і калекцый, захаванню і папулярызацыі кніжнай спадчыны.
Экспазіцыя прадоўжыцца ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі да 15 мая.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|