13 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першы сырны фестываль пад Мінскам пройдзе 15 чэрвеня на тэрыторыі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі арганізатары мерапрыемства.
Удзельнікамі фестывалю стануць вядучыя вытворцы сырнай прадукцыі з розных рэгіёнаў Беларусі, сярод якіх ААТ "Слуцкі сыраробны камбінат", "Бабуліна крынка" (Магілёў), "Савушкін прадукт" (Брэст), "Малако" (Віцебск), "Малочныя прадукты" (Гомель). Таксама прадукцыю прадставяць вытворцы з іншых галін, якія фарміруюць імідж беларускіх прадуктаў харчавання як на ўнутраным, так і знешніх рынках.
"Многія краіны даўно праводзяць такія прадуктовыя фестывалі, - адзначыюць арганізатары. - Свята віна, шакаладу, вінаграду, кавы, кулінарныя, мясныя і многія іншыя фестывалі сталі папулярнымі ў Еўропе і Амерыцы. Што ж датычыцца сырных фестываляў, то асабліва папулярныя яны ў Італіі, Ірландыі, Канадзе, Брытаніі, Украіне. Такія мерапрыемствы не толькі даюць магчымасць прыцягнуць замежных турыстаў, але і павышаюць імідж краіны".
Беларусь уваходзіць у пяцёрку вядучых экспарцёраў малочнай прадукцыі ў свеце і можа ганарыцца сваім сыраварствам. Першы сырны фестываль пад Мінскам, паводле задумы арганізатараў, будзе накіраваны на папулярызацыю сырнай галіны ў краіне і фарміраванне іміджу харчовай дзяржавы за мяжой.
Для наведвальнікаў арганізатары рыхтуюць насычаную праграму - конкурсы, гульні, дэгустацыі сыроў і г.д. Таксама гасцей чакае мноства прыемных сюрпрызаў.
Фестываль праводзіцца пры ўдзеле Міністэрства культуры, Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства інфармацыі Беларусі.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|