5 верасня, Гродна /Таццяна Вішнеўская - БЕЛТА/. VІ Міжнародны фестываль сярэдневяковай культуры "Навагрудскі замак-2013" пройдзе 6-8 верасня. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Навагрудскага райвыканкама.
Асноўныя мерапрыемствы пачнуцца 7 верасня з урачыстага шэсця ўдзельнікаў фестывалю ад рыцарскага лагера да цэнтральнай плошчы Навагрудка. Чакаецца, што ў фестывалі прымуць удзел каля 300 рыцараў і артыстаў, плануецца ўдзел больш як 20 рыцарскіх клубаў з Беларусі, Расіі і Украіны. Пакажуць сваё баявое майстэрства расійскія клубы "Арыдан", "Рускі сцяг", "Фенікс", украінскі клуб "Азгард", беларускія клубы "Сярэбраны Пегас", "Карона Захаду", "Дзікае паляванне" і іншыя.
Шэсце прадоўжыцца ўрачыстым адкрыццём фестывалю і прадстаўленнем рыцарскіх клубаў, пасля чаго на гарадской плошчы пройдзе першае спаборніцтва. Яго ўпрыгожаць вогненныя шоу ад Кіеўскага тэатра гістарычнага танца "Альентрада". Турнір завершыцца бугуртамі, масавымі рыцарскімі баямі, якія будуць сімвалічна паказваць гістарычную бітву каля сцен Навагрудскага замка. У той жа дзень пройдзе турнір лучнікаў, арганізатарам якога выступае Гільдыя лучнікаў Беларусі.
На галоўнай сцэне Навагрудка вечарам 7 верасня карануюць Міндоўга - рыхтуецца тэатралізаваны паказ, прысвечаны гэтай гістарычнай падзеі. Таксама адбудзецца вялікі святочны канцэрт з удзелам тэатра гістарычнага танца "Альентрада", рок-груп "Jahkey" і "Aillion", а таксама вядомага беларускага спевака Пятра Ялфімава. Завершыцца фестывальны дзень маштабным фаер-шоу.
8 верасня на Замкавай гары пройдзе вялікі конны рыцарскі турнір з удзелам лепшых рыцараў Беларусі і замежжа. Пройдуць майстар-класы па танцах, паказальныя выступленні лучнікаў, канцэрт-шоу "Развітанне з легендай".
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|