12 снежня, Гродна /Таццяна Вішнеўская - БЕЛТА/. XIII Міжнародны фестываль праваслаўных песнапенняў "Каложскі благавест" пройдзе ў Гродне 19-22 лютага 2014 года. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў дырэктар фестывалю Уладзімір Лябецкі.
Заяўкі на ўдзел падалі ўжо калектывы з Расіі, Украіны, Польшчы, Румыніі, Сербіі, Арменіі, Францыі, Літвы. Плануецца, што ў конкурснай праграме фестывалю прымуць удзел амаль 40 калектываў як свецкіх, так і царкоўных.
Як адзначыў Уладзімір Лябецкі, выканальніцкі ўзровень заяўленых калектываў вельмі высокі, прычым кожны ансамбль або хор вылучаецца асаблівым майстэрствам і каларытам. Сярод гасцей - жаночы ансамбль з Арменіі, які спявае ў адным з храмаў Эчміядзіна, духоўнага цэнтра армянскай апостальскай царквы, а таксама польскі мужчынскі свецкі калектыў з Супрасля.
На адкрыцці фестывалю выступіць уладальнік Гран-пры XII фестывалю "Каложскі благавест" - хор студэнтаў Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П.Чайкоўскага пад кіраўніцтвам С.Калініна. Конкурсныя праслухоўванні пройдуць у Свята-Пакроўскім саборы. А 20 і 21 лютага ў Гродзенскім музычным каледжы і ў Новым замку адбудуцца пазаконкурсныя канцэрты для шырокай публікі.
Таксама адбудуцца тэматычныя выстаўкі, кіналекторыі, вечары духоўнай паэзіі і аўтарскай песні, прэзентацыя кнігі, прысвечанай гісторыі праваслаўнага песнапення.
Першы фестываль "Каложскі благавест" прайшоў у 2002 годзе і быў прымеркаваны да 10-годдзя адраджэння Гродзенскай епархіі. У 2011 годзе Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь прысвоіла фестывалю статус міжнароднага. Арганізатарамі фестывалю выступаюць Гродзенская праваслаўная епархія і Гродзенскі аблвыканкам. У склад міжнароднага журы ўваходзяць свяшчэннаслужыцелі са спецыяльнай музычнай адукацыяй, выкладчыкі вышэйшых музычных устаноў Беларусі, Расіі, Францыі, Румыніі, кампазітары, кіраўнікі харавых калектываў розных краін. Пераможцаў вызначаюць па васьмі намінацыях.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|