19 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская спартсменка Меліціна Станюта стала ўладальніцай бронзавай узнагароды ў алімпійскай дысцыпліне мастацкай гімнастыкі - індывідуальным мнагабор'і - на Еўрапейскіх гульнях у Баку, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Меліціне Станюце ўдалося набраць у чатырох відах суму 73,100 бала. Лепшы рэзультат у параўнанні з беларускай паказалі дзве расійскія "мастачкі". Чэмпіёнкай Еўрагульняў стала Яна Кудраўцава (76,100), а сярэбраным прызёрам - Маргарыта Мамун (73,650). Яшчэ адна беларуская спартсменка Кацярына Галкіна заняла 6-е месца (71,150), роўна прайшоўшы ўсю праграму спаборніцтваў і дапусціўшы толькі адну памылку на лоўлі прадмета ў практыкаванні са стужкай.
Усяго за ўзнагароды ў мнагабор'і змагаліся 20 спартсменак. У кожным з асобных відаў яны вызначалі фіналістак, якія потым разыграюць яшчэ чатыры камплекты ўзнагарод. Па ўмовах Еўрапейскіх гульняў у фіналы адбіраліся па шэсць грацый, прычым ад той ці іншай краіны толькі па адной прадстаўніцы. Беларуска Меліціна Станюта кваліфікавалася ва ўсе фіналы практыкаванняў з прадметамі з трэцімі рэзультатамі. Кацярына Галкіна ўвайшла ў шасцёркі наймацнейшых у практыкаваннях з мячом і з булавамі, аднак у розыгрышы ўзнагарод удзелу не прыме.
Фіналы ў чатырох асобных практыкаваннях пройдуць 21 чэрвеня. У гэты ж дзень два камплекты ўзнагарод у асобных відах разыграюць і каманды ў групавых практыкаваннях. Зборная Беларусі прадставіць кампазіцыю з булавамі і абручамі.
Раней на Еўрапейскіх гульнях зборная Беларусі ў групавых практыкаваннях (Ксенія Чалдышкіна, Ганна Дудзянкова, Марыя Кадобіна, Аляксандра Наркевіч, Валерыя Пішчэліна, Арына Цыцыліна) стала бронзавым прызёрам у мнагабор'і.