Рэспубліканскі экалагічны фестываль "Жураўлі і журавіны Міёрскага краю"
Жадаючых зрабіць падарожжа ў савецкае мінулае запрашае музей гісторыі Мінска. У экспазіцыі – рарытэтныя плакаты 1940-1980-х гадоў, прадметы побыту, узоры тэхнікі, творы мастацтва, якія прадстаўлены пад грыфам "Зроблена ў БССР". Вельмі цікавыя экспанаты выстаўкі прысвечаны яркім "нефармалам" савецкай эпохі – стылягам, хіпі і бітнікам. Тут прадстаўлены адзенне, фатаграфіі, кнігі, самавольныя выданні, постары і пласцінкі. Акрамя таго, наведвальнікаў выстаўкі чакаюць тэматычныя канцэрты, рэтра-вечарынкі і прэзентацыі.
Калі: 8 мая – 14 верасня
Дзе: Мінск, Музей гісторыі горада Мінска
Падрабязней
Творчы праект "Куфэрак" ("Сундук"), які аб’ядноўвае захопленых гісторыяй касцюма і культуры энтузіястаў, прадстаўляе тэндэнцыі свецкай моды XIX стагоддзя. У экспазіцыі – паўсядзённыя, прагулачныя, бальныя і вячэрнія ўборы, якія насілі жыхары Беларусі на працягу ўсяго XIX стагоддзя ад эпохі ампіру да мадэрна. Касцюмы ствараліся па эскізах арыгінальных мадэлей адзення, а натхненнем паслужылі творы мастацтва і модныя выданні таго часу. Кожны ўбор калекцыі – гэта цэлая гісторыя, адлюстраванне лёсу ўладальніка, яго характару і ладу жыцця. У выхадныя дні наведвальнікаў выстаўкі чакаюць лекцыі па гісторыі касцюма і побыту XIX стагоддзя, майстар-класы па танцах і творчыя сустрэчы.
Калі: 1 чэрвеня – 28 верасня
Дзе: Мінск, флігель Лошыцкага сядзібна-паркавага комплексу
Каларытны фестываль, прысвечаны спрадвечным беларускім традыцыям і культуры, пашырае творчыя межы. Госці сёлетняга фэсту ўбачаць самую вялікую ў Беларусі калекцыю аўтэнтычнай драўлянай архітэктуры XVIII-XX стагоддзяў, азнаёмяцца з творамі рамеснікаў, фатографаў, дызайнераў і мастакоў, а таксама пакаштуюць стравы нацыянальнай кухні ад мясцовых майстроў. Завершыць свята вялікі канцэрт беларускіх і замежных выканаўцаў фолк-музыкі…
Калі: 6 верасня
Дзе: Мінскі раён, в. Азярцо, Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту
Цікавы экафестываль збярэ арнітолагаў і проста аматараў беларускай прыроды ў знакамітым заказніку "Ельня", дзе ў перыяд асенняй міграцыі спыняюцца больш за 4 тысячы шэрых жураўлёў і 10 тысяч гусей... Тут можна паназіраць за грацыёзнымі птушкамі, якія ляцяць на начлег, прагуляцца па экасцежцы і ўбачыць чароды жураўлёў на палях, паўдзельнічаць у экалагічных гульнях і віктарынах. Гасцей свята чакае смачнае частаванне ад жыхароў Міёрскага краю, які здаўна славіцца самымі шчодрымі ў Беларусі ўраджаямі журавін. У экаменю будуць журавінавы морс, духмяная выпечка з журавінамі і, вядома, самі ягады. Прадоўжаць праграму конкурс "Дзяўчынка-журавiнка", рыцарскія паядынкі, кірмаш народных умельцаў, канцэрт зорак беларускай эстрады, а на завяршэнне - грандыёзны феерверк і водная феерыя.
Калі: 8 - 14 верасня
Дзе: г. Міёры, Віцебская вобласць
Вулічны арт-праект, прысвечаны розным напрамкам у сучасным беларускім мастацтве, стартаваў два гады таму ў Мінску на агароджы парку Чалюскінцаў і з той пары набыў мноства прыхільнікаў. Экспазіцыю ўбачылі жыхары сталіцы і абласных гарадоў Беларусі, а таксама знатакі мастацтва з еўрапейскіх сталіц - Варшавы і Парыжа. І цяпер у галоўным музеі краіны выстаўка аб'яднае 10 сучасных беларускіх мастакоў, якія прынялі ўдзел у праекце. У рамках экспазіцыі адбудуцца лекцыі аб сучасным мастацтве, кінапаказы, майстар-класы і спецыяльныя экскурсіі для дзяцей.
Калі: 9 верасня - 6 кастрычніка
Дзе: Мінск, Нацыянальны мастацкі музей
Даведацца падрабязней
Старажытны горад Заслаўе ўжо другі раз стане сталіцай аднаго з самых значных свят нацыянальнай культуры. У Дзень беларускага пісьменства ўрачыстасці разгорнуцца на некалькіх пляцоўках: тут будуць літаратурныя і музычныя майстэрні, прэзентацыі СМІ і выдавецтваў, экспазіцыя гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Заслаўе", выстаўка паштовак і фатаграфій з калекцыі беларускага гісторыка і калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава, а таксама выстаўка вырабаў народнай творчасці і горад майстроў. Галоўная навінка гэтага свята – прэзентацыя аграсядзіб і турыстычных комплексаў краіны. Да Дня пісьменства адкрыецца новы турыстычны маршрут па выдатных мясцінах Заслаўя і помнік заснавальніку горада князю Ізяславу…
Калі: 7 верасня
Дзе: г. Заслаўе, Мінская вобласць
Даведацца падрабязней
Адна з галоўных выдатных мясцін Браслаўшчыны – касцёл у Відзах, другі па велічыні ў Беларусі пасля храма ў Будславе – адзначае векавы юбілей. Урачыстасці адкрые святочная эстафета, у час якой прыхаджане наведаюць крыжы і капліцы ў мясцовых вёсках і прачытаюць амаль 100 малітваў. Гасцей чакае вялікае свецкае свята: канцэрт, латарея з прызамі, феерверк і запуск у неба сотні паветраных ліхтарыкаў… Епіскап Алег Буткевіч правядзе абрад асвячэння бакавых алтароў, а таксама памятнага крыжа і мемарыяльнай дошкі з нагоды стагоддзя храма і стагоддзя кардынала Казіміра Свёнтака.
Калі: 30 жніўня – 7 верасня
Дзе: г.п. Відзы, Браслаўскі раён, Віцебская вобласць
Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 947-годдзю беларускай сталіцы, пачнуцца з цырымоніі ўручэння ўзнагарод "Лепшы па прафесіі" і "Мінчанін года". Галоўныя ўрачыстасці разгорнуцца 13 верасня на плошчах і цэнтральных вуліцах, у парках і скверах горада. У праграме – канцэрты на Ратушнай плошчы, дзіцячае свята "Мары здзяйсняюцца" ў аквапарку "Лябяжы" і маладзёжнае свята "У рытме сталіцы", фестываль гістарычнай рэканструкцыі і выстаўка-кірмаш "Горад майстроў". Аматараў актыўнага адпачынку парадуе мноства спартыўных падзей: Кубак Мінска па сілавым экстрыме, гарадскі чэмпіянат па марафонскім бегу на ролікавых каньках, біятлонны фестываль Дар'і Домрачавай, спаборніцтвы па тэхніцы воднага турызму "Свіслач-2014" і па тэхніцы пешаходнага турызму "Вераснёўскае спатканне-2014"… Завершыцца свята ўрачыстым ускладаннем вянкоў да стэлы "Мінск – горад-герой" і грандыёзным феерверкам.
Калі: 11 – 17 верасня
Дзе: плошчы, паркі, скверы, канцэртныя пляцоўкі Мінска
Даведацца падрабязней
Міжнародны фестываль у Брэсце, які ўжо многія гады з'яўляецца візітнай карткай горада, збярэ тэатральныя трупы з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Славакіі, Азербайджана, Арменіі, Казахстана і Італіі. Жыхары і госці горада ўбачаць 28 спектакляў, якія прадставяць мастацтва нацыянальных і замежных тэатраў, а таксама азнаёмяць з творчасцю маладых акцёраў, рэжысёраў і сцэнарыстаў. Па традыцыі, захапляючае дзейства выйдзе за рамкі тэатральных падмосткаў: на галоўнай плошчы горада адбудуцца вялікае тэатральнае шэсце і займальныя прэзентацыі вулічных спектакляў "Сны кабзара" (Украіна) і "Тэатр на Чамаданах" (Польшча).
Калі: 12 – 20 верасня
Дзе: Брэст, Брэсцкі драматычны тэатр, Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр
Беларускае Палессе славіцца сваімі ўнікальнымі культурнымі і кулінарнымі традыцыямі, аўтэнтычнымі народнымі абрадамі, якія прадаўжаюць жыць і ў ХХI стагоддзі. Этнакультурны форум, які праходзіць раз у два гады ў жывапісных мясцінах нацыянальнага парку "Прыпяцкі", збярэ больш як 10 тысяч удзельнікаў і гасцей з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы і Польшчы… У праграме фестывалю – канцэрты аўтэнтычных харавых калектываў і вакалістаў, выстаўка сувеніраў і мастацкі пленэр "Зямля пад белымі крыламі", свята ручніка, конкурс прыгажосці "Прыгажуня Палесся", выстаўка "Знакамітыя палешукі" і фотаконкурс, прысвечаны прыродзе палескага краю, фальклорная пляцоўка "Палескія гульні", этнаграфічны куток, выстаўка-прэзентацыя страў народнай кухні "Палеская смаката". Будуць адкрыты і тэматычныя подворкі розных раёнаў Палесся, якія прадставяць народныя промыслы і ўнікальную творчасць палешукоў. Рамеснікі дапамогуць усім жадаючым авалодаць тонкасцямі ганчарнай і кавальскай справы, бортніцтва і лозапляцення. Запланаваны таксама турнір рыбаловаў і гонкі па рацэ на сапраўдных палескіх чаўнах. Госці змогуць пакатацца на цеплаходзе і паветраным шары, убачаць барабаннае шоу і выступленне сілачоў.
Калі: 13 верасня
Дзе: аграгарадок Ляскавічы, Петрыкаўскі раён, Гомельская вобласць
Даведацца падрабязней
У гэтым годзе знакаміты фестываль анімацыі ў Магілёве прадставіць 159 фільмаў з 39 краін свету, і ўпершыню – з Аргенціны, Бразіліі, Даніі, Ірака, Калумбіі, Сінгапура, Сірыі, ЗША, Харватыі, Швецыі, Славеніі і Нідэрландаў. Гасцей чакае насычаная творчая праграма: прагляды конкурсных і пазаконкурсных фільмаў, майстар-класы, выстаўкі беларускіх мастакоў і майстроў, шоу тэатра роставых лялек "Балаган", дзіцячы конкурс "Я не чараўнік, я толькі вучуся..." і выстаўка работ конкурсу "Мой любімы мультфільм". У дні форуму адбудуцца творчыя сустрэчы з заслужанай артысткай Расіі Аксанай Сташэнка, аўтарам міжнароднага праекта "Калыханкі для ўсёй сям'і" Наталляй Фаўставай, заслужаным дзеячам мастацтваў Расіі Рыгорам Гладковым, акцёрам Купалаўскага тэатра Алегам Гарбузам, рэжысёрам Аленай Туравай.
Калі: 16 – 22 верасня
Дзе: Магілёў
Адзіны ў Беларусі міжнародны фестываль студэнцкіх тэатраў, які стаў адным з самых прэстыжных ва Усходняй Еўропе, штогод збірае сотні маладых акцёраў з розных краін свету. Па традыцыі, форум прадставіць праекты "Куфар.by" і "Koufar-in-Motion", у рамках якіх гледачы азнаёмяцца з пастаноўкамі беларускіх і замежных студэнцкіх тэатраў, а таксама сумеснымі работамі розных творчых калектываў. Акрамя асноўнай конкурснай праграмы гасцей чакаюць эксперыментальныя п'есы тэатральнай майстэрні "КуфарДрамаЛаб", майстар-класы, дыскусіі і цікавыя творчыя сустрэчы.
Калі: 21 – 28 верасня
Дзе: Мінск, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт
Удзельнікі новага арыгінальнага фестывалю акунуцца ў атмасферу ранняга сярэдневякоўя і, падобна да старажытных вікінгаў, змогуць адправіцца ў шматдзённую лодачную экспедыцыю. Спецыяльна для гэтага беларускія энтузіясты сваімі рукамі стварылі сапраўдны варажскі флот. У час вялікіх стаянак вандроўнікаў – у Бярозаўцы, Мастах і Гродне – пройдуць цікавыя культурныя мерапрыемствы. Гледачы азнаёмяцца з сярэдневяковай культурай усходніх славян, балтаў і вікінгаў, убачаць воінскія спаборніцтвы дружыннікаў, правядуць выпрабаванні кідальнай зброі вікінгаў і славян, паўдзельнічаюць у майстар-класах і змогуць набыць сувеніры на кірмашы рамеснікаў. У варажскіх лагерах будзе гучаць сярэдневяковая музыка ў выкананні беларускай фолк-групы Hard Wood (у Бярозаўцы) і ўкраінскай групы Spiritual Seasons (у Гродне).
Калі: 21 – 27 верасня
Дзе: Гродзенская вобласць (Бярозаўка, Масты, Гродна)
Адзін з праслаўленых акцёраў – народны артыст Расіі Аляксандр Філіпенка, шырока вядомы па ролі Азазэлы ў экранізацыі рамана "Майстар і Маргарыта" Уладзіміра Борткі – прадставіць мінскім гледачам музычную кампазіцыю паводле твораў выдатных класікаў рускай літаратуры ХХ стагоддзя: Андрэя Платонава, Міхаіла Зошчанкі, Міхаіла Кальцова і Сяргея Даўлатава… У выкананні таленавітага майстра прагучаць шэдэўры сатыры – фельетоны Міхаіла Кальцова, байкі Мікалая Эрдмана, тэксты з запісных кніжак ленінградскага перыяду Сяргея Даўлатава і яго апавяданне "Представление" са сборніка "Зона" (на рускай мове).
Калі: 23 верасня
Дзе: Мінск, Цэнтральны дом афіцэраў
Міжнародны форум тэатральнага мастацтва "TEART" прадставіць лепшыя тэатральныя праекты з усяго свету, уключаючы спектаклі прызнаных за мяжой беларускіх рэжысёраў. У гэтым годзе гледачы ўбачаць пастаноўкі калектываў з 8 краін свету: Беларусі, Расіі, Літвы, Польшчы, Латвіі, Славеніі, Германіі і Даніі. У праграме традыцыйна захаваецца падзел на сусветную, расійскую і беларускую драматургію ў розных жанравых варыяцыях – ад класічных да сучасных пастановак, ад дакументальнага тэатра да пластычнага. Афіцыйна фестываль адкрыецца 3 кастрычніка гучнай танцавальнай прэм'ерай у Вялікім тэатры Беларусі – легендарным балетам Ігара Стравінскага "Жар-птушка" з рэпертуару "Рускіх сезонаў" Сяргея Дзягілева ў пастаноўцы народнага артыста Расіі Андрыса Ліепы.
Калі: 27 верасня– 22 кастрычніка
Дзе: Мінск
Традыцыйны марафон "Языльская дзясятка", уключаны ў міжнародны спаборніцкі каляндар, аб'яднае ў барацьбе за званне лепшага аматараў бегу з Беларусі і краін блізкага замежжа. У гэтым годзе спаборніцтвы пройдуць па ўзроставых групах і ў розных намінацыях: "Старадарожскія забегі", "Пяцісотка", "Беларуская вярста", "Міні-марафон", "Карпаратыўны забег" і "Языльская дзясятка". Удзельнікаў і балельшчыкаў чакае мноства забаў, у тым ліку конкурсы і віктарыны, латарэя, а таксама пачастункі дамашняй кухні ад мясцовых кулінараў.
Калі: 26 – 27 верасня
Дзе: г. Старыя Дарогі, Мінская вобласць
Адзін з самых яркіх музычных фестываляў Беларусі збярэ на мінскай сцэне вядучых артыстаў сучаснасці. Шэдэўры сусветнай класікі выканаюць вядомыя віртуозы, сярод якіх "рускі італьянец" скрыпач Сяргей Крылоў, беларускі піяніст Расціслаў Крымер, ірландскі піяніст Бары Дуглас, скрыпачы Антал Залаі (Венгрыя) і расіянін Вадзім Рэпін, які сыграе на адной з самых дарагіх скрыпак свету работы Гварнеры. Фестывальную праграму напоўняць і легендарныя музычныя калектывы: Камерата аднаго са старэйшых на планеце Каралеўскага аркестра Канцэртгебау Амстэрдам, Літоўскі камерны аркестр і ўладальнік прэміі "Грэмі" камерны ансамбль "Салісты Масквы" пад кіраўніцтвам маэстра Юрыя Башмета. На адкрыцці фестывалю публіку чакае феерычнае шоу: у час выканання сімфоніі нумар 29 ля мажор Вольфганга Амадэя Моцарта на экране "ажывуць" палотны вялікіх мастакоў другой палавіны XVIII стагоддзя…
Калі: 29 верасня - 7 кастрычніка
Дзе: Мінск, Беларуская дзяржаўная філармонія
Даведацца падрабязней
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|