18 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Калекцыю рарытэтных веласіпедаў з Італіі ў Мінску плануюць паказваць на працягу года. Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі, дзе сёння адбылася прэзентацыя ўнікальнага збору.
Праект арганізаваны кампаніяй ItalyMania сумесна з Нацыянальным гістарычным музеем. Паводле слоў арганізатараў, плануецца, што выстаўка будзе даступна для азнаямлення з лютага бягучага года па люты наступнага.
Наведвальнікі выстаўкі "Усё жыццё ў адным веласіпедзе" ўбачаць 30 незвычайных экспанатаў, кожны з якіх, па прызнанні прыватнага калекцыянера Маўрыцыа Урбінаці з італьянскага Рыміні, з'яўляецца жамчужынай.
Выставачны праект прадстаўляе толькі арыгінальныя экспанаты без рэстаўрацыі. Узрост самага маладога веласіпеда - каля 60 гадоў. Усе яны дзеючыя, расказваюць аб усіх аспектах жыцця вясковых жыхароў і гараджан ХIХ-ХХ стагоддзяў.
У экспазіцыі няма спартыўных, прагулачных веласіпедаў, паколькі яны не з'яўляюцца аб'ектам цікавасці калекцыянера. Прадстаўленыя экспанаты - жывое сведчанне рамёстваў, якія калісьці былі трансфармаваны ў маленькія і буйныя вытворчасці і паглынуты машынамі і станкамі.
З 1980-х гадоў Маўрыцыа Урбінаці займаецца пошукам і набыццём "адыходзячых з жыцця" веласіпедаў. Большая частка экспанатаў выраблена ў Італіі. Толькі два экзэмпляры на выстаўцы - "іншаземцы". Гэта веласіпед салдата швейцарскай арміі і веласіпед брытанскага пажарніка.
Усяго ў калекцыянера больш за 50 рарытэтных экзэмпляраў.