20 красавіка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Медалём ЮНЕСКА "5 кантынентаў" 22 красавіка ва ўрачыстай абстаноўцы будуць узнагароджаны выдатныя дзеячы беларускага мастацтва народныя артысты Беларусі і СССР кампазітар Ігар Лучанок і харэограф Валянцін Елізар'еў. Аб гэтым паведаміў сёння на брыфінгу начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Дзмітрый Мірончык, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Рашэнне аб узнагароджанні Ігара Лучанка і Валянціна Елізар'ева было прынята 21 сакавіка генеральным дырэктарам ЮНЕСКА Ірынай Бокавай за выдатны ўклад у развіццё міжнароднага культурнага супрацоўніцтва. Разам з медалём ім таксама будуць уручаны дыпломы ад імя кіраўніка ЮНЕСКА.
Урачыстая цырымонія ўзнагароджання адбудзецца ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Месца правядзення мерапрыемства выбрана невыпадкова. Творчасць Ігара Лучанка і Валянціна Елізар'ева цесна звязана з акадэміяй музыкі. Ігар Лучанок яе выпускнік, а ў 1980-я быў рэктарам. Валянцін Елізар'еў з 1995-га з'яўляецца прафесарам акадэміі.
Плануецца, што ганаровыя ўзнагароды ўручаць намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Францыі, пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ЮНЕСКА Павел Латушка.
Медаль ЮНЕСКА "5 кантынентаў" заснаваны ў 1996 годзе ў гонар 50-годдзя стварэння гэтай аўтарытэтнай арганізацыі. У 2014-м медаля быў удастоены Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі.