25 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар'я Домрачава аб'явіла аб завяршэнні кар'еры. Аб гэтым біятланістка паведаміла сёння на спецыяльнай прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным алімпійскім камітэце Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Беларуска адзначыла, што ёй прыемна бачыць такую колькасць людзей у зале. "Мне даволі няпроста было сабрацца, я вельмі доўга думала, але настаў час расставіць кропкі над "і". Спрабавала знайсці кампраміс, які дазволіў бы сумясціць мне выхаванне дзіцяці і прадаўжэнне спартыўнай кар'еры. На жаль, я не знайшла аптымальнага рашэння для сумяшчэння такіх важных сфер жыцця. Маё рашэнне абдуманае і нялёгкае. Я завяршаю сваю спартыўную кар'еру", - заявіла Дар'я Домрачава.
"Час у вялікім спорце для мяне будзе незабыўным. Хачу падзякаваць усім тым, хто быў побач усе гэтыя гады і дапамагаў маім дасягненням, першым трэнерам, нават поварам на базах, дзе рыхтавалася. Вялікія словы ўдзячнасці балельшчыкам, падтрымку якіх адчувала ў час выступленняў і перамог. Дзякуй журналістам, якія дапамаглі фанатам і гледачам радавацца маім поспехам. Дзякуй маёй краіне, таму што, перамагаючы, адчувала, што гэта не толькі мае перамогі, але і ўсёй Беларусі", - сказала яна.
Легендарная біятланістка, адказваючы на пытанне аб далейшых планах, адзначыла, што плануе адпачыць ад таго шалёнага рытму, у якім жыла з шасцігадовага ўзросту. "Ёсць задумкі і ідэі, але пакуль раскрываць іх рана", - адзначыла Дар'я Домрачава.