Экстрэмальныя гонкі, стральба па мішэнях, пераадоленне дыстанцыі з перашкодамі, штрафныя кругі… І ўсё гэта наперакор пякучаму, моцнаму ветру і 20-градуснаму марозу. Відовішчныя спаборніцтвы па трактарным біятлоне арганізаваў 24 лютага паблізу геалагічнага помніка Суцькаўскія камлыгі ў Смаргонскім раёне "МТЗ-Холдынг" – у падтрымку беларускай зборнай на Алімпіядзе-2018 у Пхёнчхане.
У захапляючых спаборніцтвах прынялі ўдзел пяць каманд – усяго 15 чалавек селі за руль кампактных Belarus-132Н і Belarus-152, якія вырабляюцца на Смаргонскім агрэгатным заводзе, што ўваходзіць у "МТЗ-Холдынг". Умовы "халодных гульняў" былі максімальна набліжаны да алімпійскіх, толькі лыжы ўдзельнікі змянілі на малагабарытныя трактары, а біятлонныя вінтоўкі – на пейнтбольныя стрэльбы.
Нават нягледзячы на суровыя ўмовы надвор'я, турнір сабраў некалькі тысяч гледачоў, якія ўбачылі азартныя гонкі, дакладную стральбу і, як у біятлоне, за промахі – пераадоленне штрафных кругоў… А на заканчэнне снежнай гонкі гасцей чакалі гарачыя напіткі з салодкім пачастункам і прыемны сюрпрыз ад кампаніі МТЗ – паказальныя выступленні новых Belarus-132Н, Belarus-152 і Belarus-1402.
Самыя "гарачыя" кадры з унікальных спаборніцтваў па трактарным біятлоне – у нашым рэпартажы.