Праспект Пераможцаў у Мінску па праву лічыцца адным з самых спартыўных месцаў горада: тут размешчаны Палац спорту і "Мінск-Арэна", пракладзена веладарожка, абсталяваны пляцоўкі для зянаткаў фізічнай культурай. Гэтай вясной на праспекце з'явіўся яшчэ адзін знакавы спартыўны аб'ект – Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па мастацкай гімнастыцы (Палац гімнастыкі).
Уздоўж усяго праспекта сустракаюцца білборды з выявамі беларускіх грацый і надпісам "Мары здзяйсняюцца!". Для гімнастак гэта не высокія словы, а канстатацыя факта. Беларускай мастацкай гімнастыцы ўдалося набыць свой утульны дом. Ля ўвахода ў цэнтр скульптурная кампазіцыяі з гімнастычных стужак з падобным надпісам "Мары здзяйсняюцца! Тут будуць нараджацца чэмпіёны і загартоўвацца характары". Побач на гранітным шары адбітак далоні праслаўленай беларускай гімнасткі, алімпійскай чэмпіёнкі па мастацкай гімнастыцы Марыны Лобач.