Высакакласнае еўрапейскае шоу з удзелам самых прыгожых, абаяльных і яркіх дзяўчат краіны чакае тэлегледачоў канала АНТ 4 мая. Фінал конкурсу "Міс Беларусь-2018" абяцае быць асаблівым: незвычайныя тэхналагічныя элементы і рэжысёрскія задумы зробяць двухгадзінны паказ сапраўды незабыўным.
Чатыры стыхіі: агонь, зямлю, ваду і паветра, – будуць раскрываць вобразы ўдзельніц. Беларускія прыгажуні не абмінуць увагай і тэму малой радзімы, якой прысвечаны 2018-ы год у Беларусі. Спорт і прыгажосць заўсёды ідуць поплеч, – вырашылі арганізатары конкурсу і прымеркавалі асобны блок шоу маючым адбыцца II Еўрапейскім гульням.
Усяго больш за 700 прыгажунь удзельнічалі ў кастынгах, але толькі 30 дзяўчат сталі фіналісткамі. Аднак галоўныя выпрабаванні яшчэ наперадзе: прэтэндэнтак на тытул "Міс Беларусь" чакае інтэнсіўная падрыхтоўка да конкурсу. Беларускія прыгажуні штодзень будуць адточваць майстэрства дэфіле, удзельнічаць у майстар-класах, фотасесіях, прымерках. У карпатлівай падрыхтоўцы да шоу фіналісткам будуць дапамагаць вопытныя стылісты, рэжысёры і пастаноўшчыкі.
У ліку крытэрыяў выбару "Міс Беларусь-2018" кіраўнік дырэкцыі спецыяльных праектаў тэлеканала АНТ Іван Падрэз назваў добрыя веды па гісторыі, уменне размаўляць на замежных мовах, фармуляваць думкі, уменне падаць сябе. Дзяўчына павінна валодаць "асаблівай беларускай энергетыкай", спалучаць у сабе духоўнасць, інтэлект, крэатыўнасць і дабрату, адзначаюць арганізатары.
Фіналісткі конкурсу "Міс Беларусь-2018" – у спецыяльным фотарэпартажы!