Беларуская група NAVIBAND 2 красавіка прыняла ўдзел у здымках відэавізітки для "Еўрабачання-2017". У бягучым годзе, згодна з новымі правіламі, у падрыхтоўцы першай часткі традыцыйнага прывітання прымуць удзел тэлекампаніі 43 краін-удзельніц, а другую частку арганізатары будуць здымаць ужо ў маі, калі дэлегацыі прыедуць у сталіцу песеннага конкурсу-2017 – украінскі Кіеў.
Падрыхтоўка беларускай візіткі пачалася ўжо ў пачатку месяца, але першакрасавіцкае надвор'е ўнесла свае карэктывы: веснавы дождж прымусіў каманду пачакаць з увасабленнем задуманага сцэнарыя і перанесці здымкі. Ужо на наступны дзень дзеля 45 секунд відэа салісты групы NAVIBAND – Ксенія Жук і Арцём Лук'яненка – працавалі на камеры на працягу 12 гадзін і змянілі пяць лакацый і чатыры сцэнічныя вобразы.
Галоўны акцэнт міні-кліпа – шчырыя эмоцыі артыстаў, якія весела праводзяць час, займаючыся любімай справай і хобі: вывучаюць аптычныя законы ў сталічным Музеі папулярнай навукі, катаюцца на лонгбордах у маладзёжным квартале, арганізуюць пікнік каля знакамітага Мірскага замка, працуюць у студыі над саўндам "Гісторыі майго жыцця" і нават арганізуюць канцэрт для паклоннікаў ва ўтульным кафэ...
Belarus.by запрашае пабываць на здымках аднаго з фрагментаў візіткі для "Еўрабачання" групы NAVIBAND у Мінску…
Фота: Аксана Манчук