Завяршыўшы сезон доўгачаканай перамогай у агульным заліку Кубка свету, "беларуская ракета" Даша Домрачава трыумфальна вярнулася ў родны Мінск. У аэрапорце жаночую зборную Беларусі па біятлоне сустракалі шматлікія балельшчыкі – са сцягамі, банерамі і фота для аўтографаў, песнямі, сюрпрызамі і самымі шчырымі словамі падтрымкі. Павіншаваць каманду і чэмпіёнку прыехалі міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко, першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Максім Рыжанкоў, кіраўнік Беларускай федэрацыі біятлона Валерый Вакульчык. І зразумела, свой дэбютны Вялікі хрустальны глобус Дар'я Домрачава ўпершыню паказала самай адданай балельшчыцы – маме.
На сустрэчы ў аэрапорце Дар'я Домрачава, Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко, Настасся Дубарэзава і Надзея Пісарава з задавальненнем фатаграфаваліся з паклоннікамі і адказвалі на пытанні журналістаў.