6 жніўня, Мінск /Ігар Хадасевіч - БЕЛТА/. Лепшыя беларускія тэнісісты Вікторыя Азаранка і Максім Мірны сталі алімпійскімі чэмпіёнамі Алімпіяды-2012 у спаборніцтвах змешаных пар. У фінале яны выйгралі ў брытанскага тандэма Лаўра Робсан / Эндзі Марэй - 2:6, 6:3, 10:8, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Вырашальны матч мікста, які праходзіў на цэнтральным корце Уімблдона, пачаўся для беларусаў вельмі няўдачна: яны прайгралі 4 геймы запар і толькі пасля гэтага змаглі адыграць адно ачко. Затым Віка і Макс узялі яшчэ адно ачко, але выратаваць першую партыю не ўдалося - 2:6. Другі сэт пачаўся з перамогі беларусаў, калі пасля падачы Мірнага яны выйгралі першы гейм пад нуль. Пасля гэтага Вікторыя і Максім поўнасцю кантралявалі сітуацыю і перамаглі ў другім сэце з лікам 6:3.
Лёс алімпійскага золата вырашаўся ва ўкарочаным трэцім сэце, у якім нервы аказаліся мацнейшымі ў беларускіх тэнісістаў - 10:8.
Такім чынам, Вікторыя Азаранка і Максім Мірны сталі ўладальнікамі алімпійскага золата, а брытанцы прымераюць сярэбраныя медалі дамашняй Алімпіяды.
Для Вікторыі Азаранка гэта ўжо другі медаль на Гульнях-2012: напярэдадні 23-гадовая першая ракетка планеты заваявала бронзу ў жаночым адзіночным разрадзе, абыграўшы расіянку Марыю Кірыленка (15-ы нумар сусветнага рэйтынга) - 6:3, 6:4. Што да 35-гадовага Максіма Мірнага, які з'яўляецца лепшым парным іграком свету, то ён упершыню ўзнімецца на алімпійскі п'едэстал.
Цяпер у актыве алімпійскай зборнай Беларусі 7 узнагарод: два залатыя медалі - стралка Сяргея Мартынава і тэніснага дуэта Азаранка / Мірны, два сярэбраныя плыўчыхі Аляксандры Герасімені, а таксама тры бронзавыя - Азаранка і дзвюх цяжкаатлетак Марыны Шкерманковай і Ірыны Кулешы.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|