10 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін прыбыў з дзяржаўным візітам у Беларусь, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Высокага госця ў Нацыянальным аэрапорце Мінск сустрэў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Як паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара, сёння ў другой палавіне дня адбудуцца афіцыйныя перагаворы Аляксандра Лукашэнкі з Сі Цзіньпінам у вузкім і пашыраным складах. Па іх выніках прадугледжваецца падпісаць шэраг міжнародных дакументаў. Запланавана таксама сустрэча кіраўнікоў дзвюх краін з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі. Плануецца, што дзяржаўны візіт Сі Цзіньпіна будзе прадаўжацца да 12 мая. Гэта першае наведванне Старшынёй КНР Беларусі за апошнія 14 гадоў.
Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай устаноўлены 20 студзеня 1992 года. Беларуска-кітайскія палітычныя і гандлёва-эканамічныя сувязі дынамічна развіваюцца, што ў першую чаргу абумоўлена агульнасцю прынцыпаў унутранай і знешняй палітыкі, супадзеннем поглядаў на найважнейшыя праблемы сусветнага парадку дня.
У 2014 годзе аб'ём гандлю таварамі і паслугамі Беларусі і Кітая склаў $4 186,2 млн (103,8 працэнта да 2013 года). Тэмп росту экспарту тавараў і паслуг (без уліку нафты, нафтапрадуктаў, азотных угнаенняў, растваральнікаў і змазачных матэрыялаў) - 138,9 працэнта.