3 чэрвеня, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Спробы ізаляваць Беларусь бесперспектыўныя, пакуль мы маем адносіны з такімі гіганцкімі дзяржавамі, як Індыя. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на сустрэчы з Прэзідэнтам Індыі Пранабам Мукерджы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Спробы ізаляваць Беларусь, неяк паставіць на месца, націснуць бесперспектыўныя, пакуль мы маем адносіны з такімі гіганцкімі дзяржавамі, як ваша", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь хацела б больш глыбокіх і шырокіх адносін з Індыяй, тым больш што ў дзвюх краін выдатная гісторыя адносін з часоў Савецкага саюза.
"Мы ніколі не скрывалі гордасці за адносіны з Індыяй, - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. - Мы гатовы прайсці свой шлях хутка, эфектыўна, адказна, калі будзе на тое ваша воля, мы вельмі хутка можам узняць нашы і гандлёва-эканамічныя адносіны на нармальны ўзровень, які адпавядае нашым патэнцыялам".
Што датычыцца ўзаемадзеяння ў палітычнай сферы, дыпламатыі, то Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі і Індыі ніколі не было негатыўных адносін і праблем. Аляксандр Лукашэнка запэўніў свайго індыйскага калегу, што гэтак будзе і ў далейшым.
"Напярэдадні Вашага візіту ў Беларусь з аднаго і другога боку, як мяне інфармавалі, яшчэ дастаткова скептыкаў адносна паглыблення нашага супрацоўніцтва. Напэўна, будзе правільна, калі мы такіх людзей расчаруем і зробім максімум для таго, каб нашы адносіны былі маштабнымі", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўжо не першы раз сустракаецца з Пранабам Мукерджы. Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што яго візіты ў Індыю былі вельмі паспяховымі і заклалі аснову двухбаковых адносін.