16 студзеня, Каір /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Перад Беларуссю і Егіптам адкрываюцца новыя гарызонты супрацоўніцтва. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на адкрыцці беларуска-егіпецкага дзелавога форуму, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Перад Беларуссю і Егіптам адкрываюцца новыя гарызонты супрацоўніцтва. Вам даволі добра вядомы трактары "Беларус". Цяпер яшчэ адно наша вялікае прадпрыемства - Мінскі аўтамабільны завод - пачынае асвойваць егіпецкі рынак, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Важна, што мы не толькі прадаём беларускую тэхніку, але і гатовы прыходзіць сюды са сваімі тэхналогіямі і спецыялістамі, ствараць тут узорна-паказальныя прадпрыемствы, паказваць, як мы можам працаваць, і вучыць егіпецкіх людзей вырабляць гэту прадукцыю".
На думку кіраўніка дзяржавы, у Егіпце можна арганізаваць новыя сумесныя зборачныя прадпрыемствы, у прыватнасці па выпуску кар'ернай, дарожна-будаўнічай і камунальнай тэхнікі.
"Сёння ў свеце з'яўляецца вялікі інтарэс да выкарыстання беларускіх тэхналогій геолагаразведкі, бурэння глыбакаводных свідравін, ачысткі сцёкавых вод. Нашы спецыялісты гатовы падзяліцца з егіпецкімі партнёрамі набытымі ведамі і практычным вопытам, - сказаў Прэзідэнт. - У аграпрамысловай сферы мы можам сумесна рэалізоўваць праекты аж да стварэння дэманстрацыйных гаспадарак і перапрацоўчых прадпрыемстваў".
Прэзідэнт заклікаў прадстаўнікоў бізнесу абедзвюх краін актыўней выкарыстоўваць у наладжванні двухбаковых сувязей магчымасці беларуска-егіпецкай гандлёвай камісіі, рабочай групы па развіцці супрацоўніцтва ў сферы прамысловасці. "Уносьце свае аргументаваныя прапановы і будзьце ўпэўнены ў падтрымцы на самым высокім узроўні. З боку майго калегі і сябра Прэзідэнта Егіпта Абдэль Фатаха аль-Сісі вы сустрэнеце аналагічны падыход", - выказаў упэўненасць беларускі лідар.