11 лістапада, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусь і Турцыя здольны ўзняцца на новую ступень у развіцці адносін. Аб гэтым заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на перагаворах з Прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам у вузкім складзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Упэўнены, што ў выніку вашага візіту мы здольны ўзняцца яшчэ на адну ступень у развіцці нашых адносін", - падкрэсліў беларускі лідар.
"У нас практычна няма палітычных рознагалоссяў. У нас адзіны погляд на міжнародны парадак дня. Вельмі добрыя адносіны па дыпламатычных каналах, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Так, гандлёва-эканамічныя адносіны ў нас крыху адстаюць ад нашых асабістых, міждзяржаўных адносін. Але нават у гэтай частцы таксама дынаміка дадатная і існуе добры прагрэс".
Аляксандр Лукашэнка запэўніў Рэджэпа Таіпа Эрдагана ў шчырым стаўленні Беларусі да дружалюбнай Турцыі. "Нашы дружба і адносіны прайшлі выпрабаванне часам. І вы можаце быць упэўнены ў надзейнасці нашых адносін. З боку Беларусі мы заўсёды будзем прадказальныя для Турцыі, і наша палітыка заўсёды будзе адпавядаць таму курсу, які вы праводзіце ўжо не першы год", - заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што ў міждзяржаўных адносінах немалую ролю адыгрываюць асабістыя. "Калі браць пад увагу гэты фактар, то ў нас з вамі склаліся вельмі даўнія адносіны. Іх тэрмін - ужо больш за дзясятак гадоў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён выказаў удзячнасць Прэзідэнту Турцыі за тое, што ў складзе турэцкай дэлегацыі ў Мінск прыехалі амаль 200 прадстаўнікоў і кіраўнікоў буйнейшых кампаній гэтай краіны. "Мы адкрыем беларуска-турэцкі бізнес-форум, на які зарэгістравалася каля 300 беларускіх кампаній. Гэта, відаць, самы буйны форум па колькасці кампаній у гісторыі незалежнай Беларусі", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што Рэджэп Таіп Эрдаган наведвае Беларусь упершыню, але выказаў упэўненасць, што, нягледзячы на непагоду, краіна яму спадабаецца.