6 верасня, Хойнікі /Кар. БЕЛТА/. XVII Дзень беларускага пісьменства адбыўся ў горадзе Хойнікі Гомельскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як адзначыў, звяртаючыся да гасцей, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Патупчык, Дзень беларускага пісьменства ідзе па гарадах ужо 17 гадоў. Прычым на Гомельшчыне ён праходзіць трэці раз (двойчы ў Тураве). "На сёлетняе свята ўсіх запрасіў стары палескі край, багаты шматгадовай гісторыяй. Ён не можа не крануць сэрцы тых, хто пабываў тут", - сказаў намеснік прэм'ер-міністра. Уладзімір Патупчык падзякаваў усім, хто садзейнічае захаванню культурнай і гістарычнай спадчыны Беларусі, пажадаў добрага настрою і шчаслівых дзён.
Галоўныя месцы правядзення свята - цэнтральная гарадская плошча і гарадскі парк. На сцэне Летняга амфітэатра ў гарадскім парку ўручаны ўзнагароды пераможцам нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі - 2010" і Рэспубліканскага конкурсу на лепшы твор у галіне паэзіі, прозы, драматургіі, літаратурнай крытыкі і дзіцячай літаратуры. Лепшымі літаратарамі прызнаны Рыгор Сакалоўскі (за кнігу "Афганское эхо", паэзія), Мікалай Чарняўскі (за кнігу "Сонечны кошык", дзіцячая літаратура), Анатоль Мяснікоў (за кнігу "Сто асоб беларускай гісторыі", літаратурная крытыка і літаратуразнаўства), Васіль Шырко (за кнігі "Его хлебов держава" і "Шуми, мой лес, шуми...", публіцыстыка), Міхаіл Сліва (Кавалёў) (за кнігу "Вертуальнае каханне", сатыра і гумар), Ірына Масляніцына (за п'есу "Крыж Еўфрасінні Полацкай", драматургія), Людміла Кебіч (за цыкл песень "Словы прызнання", пісьмовы жанр), Аляксандр Сакалоў (за кнігу "Полет над землей", проза).
Тут таксама прайшлі тэматычныя выстаўкі, арганізаваны прэзентацыі перыядычных выданняў і новых кніг, спартыўная праграма на гарадскім стадыёне, святы народнага мастацтва ў Горадзе майстроў і беларускага кіно ў кінатэатры "Юбілейны".
На XVII Дзень беларускага пісьменства па традыцыі прыбылі госці з розных краін, прадстаўнікі акрэдытаваных у Беларусі дыпмісій, дзеячы навукі і мастацтва, журналісты, а таксама дэлегацыя Саюза пісьменнікаў Беларусі. Акрамя таго, у святочных мерапрыемствах удзельнічалі літаратары з Расіі, Украіны, Малдовы, Літвы, Польшчы, Чарнагорыі і іншых краін.
Як адзначыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Лу Гуйчэн, які ў якасці госця пабываў у Хойніках, Дзень беларускага пісьменства даў магчымасць бліжэй пазнаёміцца з духоўнай спадчынай народа, яго культурай і літаратурай. "Упершыню я наведаў Гомельскую вобласць і цудоўнае свята, якое вельмі глыбока ўразіла мяне", - сказаў кіраўнік кітайскай дыпламатычнай місіі. Паводле яго слоў, такія мерапрыемствы вельмі важныя не толькі для саміх беларусаў, але і для дыпламатаў, замежных гасцей, якія атрымліваюць шмат важнай і цікавай інфармацыі пра краіну.
Першы Дзень беларускага пісьменства адбыўся ў старажытным Полацку ў 1994 годзе. Яго сталіцамі таксама былі Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь. Эстафету фестывалю - сімвалічны вымпел - Хойнікі перадалі гораду Ганцавічы Брэсцкай вобласці.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|