10 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Баскетбалісткі зборнай Беларусі пасля двух паражэнняў атрымалі першую перамогу на Алімпіядзе ў Рыа, яны адолелі бразільянак - 65:63 (16:28, 19:12, 15:10, 15:13), паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У матчы з гаспадынямі турніру каманда Анатоля Буяльскага вельмі няўдачна правяла першую чвэрць, уступіўшы 16:26. Пачатак другой дзесяціхвілінкі таксама не прадвяшчаў нічога добрага - беларускі дрэнна гулялі ў абароне і далі магчымасць саперніцам адарвацца на 18 ачкоў. На шчасце, беларускі не апусцілі рукі і да вялікага перапынку намаганнямі Таццяны Троінай, у якой пайшоў кідок, скарацілі разрыў да пяці балаў - 35:40.
Пасля перапынку беларускія баскетбалісткі некалькі разоў выходзілі наперад, але трэцяя чвэрць завяршылася ўнічыю - 50:50. Заключная частка гульні стала барацьбой нерваў, у якой удача была на баку беларусак, яны дабіліся вельмі патрэбнай вікторыі - 65:63. Самай рэзультатыўнай у беларусак стала Таццяна Троіна, якая набрала 18 ачкоў.
Лідарам папярэдняй групы А сталі баскетбалісткі Аўстраліі, якія перамаглі каманду Францыі з лікам 89:71.