12 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуска Святлана Саханенка перамагла ў лыжнай гонцы на 15 км свабодным стылем на Паралімпійскіх гульнях сярод спартсменак у катэгорыі В2 для атлетаў з парушэннямі зроку, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
На фінішы беларуска паказала рэзультат 49 мін 11,7 сек. Другое месца заняла ўкраінка Аксана Шышкова - 49 мін 19,5 сек. Бронзавым прызёрам стала расіянка Міхаліна Лысова - 52 мін 29,2 сек. У гонцы на 15 км вопытная беларуская лыжніца Ядвіга Скарабагатая заняла пятае месца.
Для Святланы Саханенка гэта ўжо другі медаль на бягучых Паралімпійскіх гульнях у Пхёнчхане. Раней яна заваявала бронзу ў біятлоне, стаўшы трэцяй у спрынце на 6 км.
Другі сярэбраны медаль на Паралімпійскіх гульнях заваяваў беларус Юрый Голуб у лыжнай гонцы на 20 км у катэгорыі В3 для спартсменаў з парушэннямі зроку. Раней ён стаў другім у біятлоне ў спрынце на 7,5 км.
У актыве беларускіх паралімпійцаў у зімовых Паралімпійскіх гульнях у Пхёнчхане ўжо 6 медалёў (1 залаты, 3 сярэбраныя, 2 бронзавыя), беларуская каманда займае дзявятае месца ў медальным заліку.