27 кастрычніка, Люксембург /Юлія Дылянок - БЕЛТА/. Беларуска-еўрапейскі інвестыцыйны форум Belarus. Invest in tomorrow праходзіць у Люксембургу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Для ўдзелу ў мерапрыемстве заявіліся каля 200 еўрапейскіх бізнесменаў. Таксама ў Люксембург прыбылі прадстаўнічыя ўрадавая і дзелавая дэлегацыі.
Галоўная мэта форуму - стварэнне эфектыўнай і арыентаванай на вынік рознаўзроўневай пляцоўкі для наладжвання ўстойлівага ўзаемадзеяння беларускіх крэдытна-фінансавых устаноў і суб'ектаў гаспадарання з еўрапейскімі партнёрамі і развіцця моцных, шмат у чым унікальных бакоў беларускай эканомікі (ІТ, лагістыка) сярод заходніх дзелавых колаў.
Запланавана правядзенне пленарнага пасяджэння і панэльных дыскусій. У прыватнасці, еўрапейскім інвестарам будзе прадастаўлена інфармацыя аб інвестыцыйным клімаце, банкаўскай сістэме, лібералізацыі фінансавага заканадаўства Беларусі.
У час форуму плануецца падпісанне шэрага пагадненняў.
Люксембург - вядучы ў Еўропе і другі ў свеце пасля ЗША інвестыцыйны цэнтр. У краіне з насельніцтвам крыху больш як 500 тыс. чалавек налічваецца амаль 3,9 тыс. інвестфондаў і 143 банкі. Сукупны капітал люксембургскай фінансавай сістэмы складае больш як 740 млрд еўра.
Другім стратэгічным напрамкам развіцця Люксембурга з'яўляюцца ІТ-тэхналогіі. Краіна прэтэндуе на лідарства ў Трэцяй прамысловай рэвалюцыі, у аснове якой лічбавыя тэхналогіі. Зручнае геаграфічнае размяшчэнне Люксембурга дало магчымасць прыцягнуць германскія, французскія, бельгійскія і нідэрландскія кампаніі для ўдзелу ў рабоце форуму.